Падчас святкавання Дня міліцыі ў Гродна Кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў у інтэрв'ю журналістам распавёў пра задачы беларускай міліцыі, падрыхтоўцы да Еўрагульняў і падзяліўся меркаваннем, над чым павінны працаваць супрацоўнікі ведамства, піша «Вячэрні Гродна».

— Нашымі метадамі застаюцца асабісты вышук, ініцыятыва, высокае прафесійнае майстэрства і добрае стаўленне да людзей, — заявіў Ігар Шуневіч.

Аднак міністр МУС лічыць, што беларускім міліцыянтам не хапае культуры.

— Буду шчыры, наша бяда — гэта адсутнасць на належным узроўні фізічнай і вытворчай культуры. І калі супрацоўнік органаў унутраных спраў не можа прымусіць сябе скінуць лішнія кілаграмы або кінуць паліць, то гэта бяда ўсіх. Я не кажу, што культуры няма, проста яна недастатковая для майго ведамства. Як будзем падцягваць? Тым, хто не зможа, будзем дапамагаць, — расказаў міністр. — У ідэале я бачу сітуацыю, калі афіцэр МУС можа выконваць любую працу і задачу. Узаемазаменнасць і ўніверсальнасць — гэта тое, да чаго мы павінны імкнуцца.

Закрануў Ігар Шуневіч падрыхтоўку Беларусі да Еўрапейскіх гульняў. Паводле яго словаў міліцыі спатрэбіцца вопыт чэмпіянату свету па хакеі. Акрамя гэтага, сілавыя ведамствы пабывалі ў Баку, дзе праходзілі першыя Еўрапейскія гульні і на Алімпіядзе ў Сочы.

— Выкарыстоўваючы ўсе падыходы, мы зможам забяспечыць бяспеку не толькі на спартыўных аб’ектах, але і па ўсёй рэспубліцы, — сказаў міністр.