Гродзенскі тэатр лялек 6 лютага сабраў разам экскурсаводаў і прадстаўнікоў турфірмаў, каб прэзентаваць сваю праграму экскурсій.

Тэатр месціцца ў найстарэйшым тэатральным будынку Беларусі. Як кажуць яго супрацоўнікі, тут ніколі не было зернасховішчаў ці ваеннага штабу, а заўжды было толькі нешта звязанае з мастацтвам, і пераважна тэатральным. Сам будынак створаны паводле прынцыпу італьянскай крывой. Ёсць меркаванне, што гродзенскі тэатр — паменшаная копія тэатра Ла Скала ў Мілане. Паказаць сапраўды ёсць што.

Экскурсіі па тэатры ўжо ладзіліся раней, але не афішаваліся шырока. Агулам паспелі правесці 53 экскурсіі для замежнікаў і беларусаў.

Гродзенскі тэатр лялек прэзентаваў экскурсіі. Глядзіце, колькі там прыгажосці
Анастасія Суханосік у вобразе Саламеі Дэльшнэр, першай дырэктаркі тэатра, расказвае гісторыю тэатра
Гродзенскі тэатр лялек прэзентаваў экскурсіі. Глядзіце, колькі там прыгажосці
Людміла Паўлоўская ў 2018 г. атрымала найвышэйшую прэмію саюза тэатральных дзеячоў «Хрустальны анёл», прэмію за найлепшую жаночую ролю на фестывалі ў Торуні і медаль імя Францішка Скарыны
У тэатра ёсць свае экскурсаводкі - прафесійныя акторкі. Яны і знаёмілі гасцей з магчымасцямі і сакрэтамі тэатра. Анастасія Суханосік у вобразе Саламеі Дэльшнэр, першай дырэктаркі тэатра, расказала гісторыю ад самай пабудовы ў 1772 годзе на загад Антонія Тызэнгаўза. Людміла Паўлоўская як архіварыус тэатра правяла па запаветных месцах: тэатральным музеі, сховішчы лялек, касцюмернай, зале, дзе вырабляюць і захоўваюць дэкарацыі.

У музеі тэатра захоўваюцца лялькі ад часу, калі акторы ў прамым сэнсе працавалі на каленках, утвараючы на сцэне некалькі планаў. У малой зале акторкі паказалі невялічкі майстар-клас па кіраванні лялькамі розных відаў і сістэм мацавання.

Гродзенскі тэатр лялек прэзентаваў экскурсіі. Глядзіце, колькі там прыгажосці
Такой лялькай можна кіраваць толькі ўтрох, рухаючыся супольна і зладжана

Усё залежыць ад таго, што захочуць экскурсанты

Людміла Паўлоўская, як адзначаюць калегі, можа расказваць дзве гадзіны, і часта прыязджаюць экскурсіі, якім гэта падабаецца. «Мы можам працаваць на экскурсіі, якія больш цікавяцца тэатрам, дзіцячыя. Можна папрасіць, каб паказалі сцэнку са спектаклю — усё залежыць ад таго, што будуць хацець нашы экскурсанты». Працягласць залежыць ад таго, колькі слухачы маюць часу і што ім найцікавей.

З экскурсаводамі і турфірмамі будуць заключаць дамовы.

Па словах Людмілы Паўлоўскай, экскурсіі толькі раскручваюцца і экскурсаводкі яшчэ адладжваюць працу.

«Бывае, нават просяцца на прыватныя экскурсіі. Было, муж жонцы падарыў экскурсію, для іх дваіх праводзіла. Ёсць тэндэнцыя, калі на чыйсьці дзень народзінаў моладзь, 17−18 год, замаўляе экскурсію. Тыя, хто захапляецца тэатрам, задаюць цікавыя пытанні».

Спектаклі на замову

Для экскурсійных груп прапануюць магчымасць абраць спектакль і замовіць яго пастаноўку на патрэбную дату. Дамаўляцца найлепш за месяц. Паказы ладзяць на камернай сцэне (70 пасадачных месцаў), нават калі вялікая сцэна ў гэты дзень занятая. Невялікія спектаклі, як, напрыклад, «Залачоныя лбы», можна падрыхтаваць за пару тыдняў. «Фаўст. Сны» — працаёмісты ў падрыхтоўцы спектакль, самы цяжкі, для яго ўсталёўваецца багата дэкарацый.

Гродзенскі тэатр лялек прэзентаваў экскурсіі. Глядзіце, колькі там прыгажосці
Лялькі са спектакля «Шлях да Бетлеему»
Цяпер тэатр прапануе чатыры спектаклі для дарослых: «Дземан», «Фаўст. Сны», «Залачоныя лбы» і «Трагедыя аб Макбеце». «Залачоныя лбы» — казка, але дарослыя глядзяць з захапленнем.

«Колькі да нас прыязджала людзей — усе заставаліся задаволеныя. З Расіі, Польшчы, з Вільні, з Коўна», — адзначае Людміла Паўлоўская.

Даведаліся выпадкова

Таццяна Вежнавец, прадстаўніца турфірмы «Пакемон»: «Нашай фірме тры гады, і мы вырашылі працаваць на ўезд. Сюды ніколі гасцей не вадзілі. Вырашылі вадзіць, бо гэта адна з жамчужын горада, якую абавязкова трэба прадставіць».

Раней турфірма вельмі цікавілася культурным рухам у нашым горадзе. Шукалі праграмы мерапрыемстваў на месяц, два, тры. Сталі тэлефанаваць у тэатры, і выявілася, што ў «ляльцы» ёсць магчымасць паставіць спектакль і правесці экскурсію адмыслова для турыстычнай групы. Даведаліся выпадкова, і якраз атрымалі інфармацыю пра прэзентацыю экскурсійнай праграмы.

«У планах — даём інфармацыю на сакавік, красавік, май, што ёсць магчымасць патрапіць у тэатр лялек. Будзем прыводзіць на экскурсіі і асабліва на спектаклі».

Гродзенскі тэатр лялек прэзентаваў экскурсіі. Глядзіце, колькі там прыгажосці

«Ёсць групы, якія едуць у Гродна і хочуць толькі ў тэатр. Лічу, што гэта будзе самая фішка. Такога тэатра, як наш, у іх там няма. Тэатр — жывая істота», — з захапленнем кажа Таццяна, сама вялікая аматарка тэатру.

Прапанаваныя экскурсіі

Экскурсія «Тэатр у гісторыі» (16+). Працягласць — 60 хвілін

  • Гісторыя тэатральнага будынка і лялечнага тэатра, шпацыр па тэатры, наведванне тэатральнага музея, сховішча лялек і майстэрняў. Таксама правядуць майстар-клас па працы з лялькамі, раскажуць тэхніку вырабу лялек.
  • Кошт: 30 р. (да 10 чалавек), 40 р. (да 15 чалавек), 60р. (да 30 чалавек)

Экскурсія «У свеце лялек» (8+). Працягласць — 45 хвілін

  • Гісторыя тэатральнага будынка і лялечнага тэатра. Майстар-клас па працы з лялькамі, знаёмства з тэхнікай вырабу лялек, дэкарацый. Інтэрактыўная гульня з лялькамі.
  • Кошт: 80 р. (да 50 чалавек)

Экскурсія «Лялька сваімі рукамі» (10+). Працягласць — 60 хвілін

  • Гісторыя тэатральнага будынка і лялечнага тэатра. Майстар-клас на працы з лялькамі, знаёмства з тэхнікай вырабу лялек, дэкарацый. Магчымасці самім вырабіць лялькі - мотанки (абярэгі) і інтэрактыўная гульня з лялькамі.
  • Кошт: 40 р. (да 10 чалавек), 70 р. (да 20 чалавек)

Экскурсія «Музей тэатра» (5+). Працягласць — 15 хвілін

  • Гісторыя тэатральнага будынка і лялечнага тэатра. Унікальныя фатаграфіі самога тэатра, тэатральнай трупы у мінулым і сучаснасці. Расказ пра лялек, выстаўленых у музеі, спектаклі, ў якіх яны граюць, і тэхніку вырабу лялек.
  • Кошт: 10 р. (да 20 чалавек)

Наведванне музея

  • без наведвання спектакля — 1,00 руб. з чалавека
  • пры наяўнасці квітка на спектакль — задарма
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life