Увагу мясцовых жыхароў і турыстаў на пешаходнай вуліцы Савецкай у Гродне прыцягвае манументальная праца — пано «Фестывальнае», выкананае ў тэхніцы сграфіта. На ім бачныя 17 птушак з рознымі арнаментамі. Не кожны нават мясцовы адразу раскажа гісторыю гэтага пано. Між іншым, у ім закладзена вельмі канкрэтная сімволіка. Пра пано расказаў канал пра гісторыю Hrodna 11:27.

Яго стварылі ў 2000 годзе з нагоды трэцяга Фестывалю нацыянальных культур. Тады абласное аддзяленне Саюза мастакоў праводзіла конкурс — на ім перамагла прапанова мастака Аляксандра Сільвановіча. У стварэнні пано прымалі ўдзел сам аўтар эскіза, а таксама даволі вядомыя мясцовыя мастакі Сяргей Грыневіч, Мікалай Крукаў і Васіль Мартынчук. Дапамагала ім брыгада штукатураў.

У цэнтры кампазіцыі - герб Гродна, а навокал — птушкі, якія жывуць пад адным дахам, але «апранутыя» ў арнаменты 17 розных нацыянальнасцяў, якія прымалі ў той год удзел у фестывалі. Некаторыя вызначыць не складана: птушка з зоркай Давіда сімвалізуе яўрэяў, з паўмесяцам — татараў, з ракавінкай — грэкаў. Іншыя ж вельмі цяжка распазнаць не спецыялісту. Таму аўтар узнавіў інфармацыю пра пано ў сваім Instagram.

Злева направа і зверху ўніз на птушках выяўлены арнамент або сімволіка наступных нацыянальнасцей:

  1. Армяне
  2. Яўрэі
  3. Рускія
  4. Азербайджанцы
  5. Рома
  6. Грэкі
  7. Малдаване
  8. Латышы, эстонцы
  9. Карэйцы
  10. Чувашы, мардва
  11. Грузіны
  12. Татары, башкіры
  13. Немцы
  14. Украінцы
  15. Беларусы
  16. Палякі
  17. Літоўцы

Глядзіце таксама: