Цяпер неабавязкова запісвацца ў турыстычную групу, каб паглядзець форт № 4 Гродзенскай крэпасці, у якім з 2017 зачынілі ўваход. Фатограф Іван Цыркуновіч зрабіў магчымым убачыць яго ў віртуальным туры.

Поўны віртуальны тур змяшчае ў сабе 16 панарам, якія выкананы ўнутры і звонку форта. На стварэнне тура фатографу спатрэбілася каля двух тыдняў.

«Раней у гэты форт можна было трапіць пры жаданні, цяпер гэта зрабіць значна цяжэй — з’явіліся дзверы. каб адкрыць іх, трэба заказваць экскурсію», — распавядае Іван.

Эфект прысутнасці

Раней Іван рабіў віртуальныя туры для форта № 1 і № 7. У планах у фатографа — адздымаць усе фарты Гродзенскай крэпасці.

«Мне падабаецца такі від здымкі, ён больш інфарматыўны. Ёсць эфект прысутнасці, а каб яшчэ больш пранікнуцца, можна ўсё гэта прагледзець праз VR-акуляры», — дадаў фатограф.

Іван Цыркуновіч здымае панарамы з 2009 года. За гады ў фатографа назапасілася велізарная колькасць віртуальных тураў славутасцяў Гродзеншчыны і Беларусі.

Як рэальна патрапіць у форт?

Запісацца на экскурсію ў форт № 4 можна, пазваніўшы ў аддзел культуры Гродзенскага райвыканкама.