Комплекс будынкаў на Віленскім завулку, 16, у тым ліку і добра вядомае гродзенцам памяшканне «Рамбыттэхнікі» насупраць аднайменнага прыпынку, паспрабуюць прадаць на адкрытых таргах, паведамляе vgr.by.

Аўкцыён, на якім за восем капітальных будынкаў трэба будзе аддаць мінімум 1 мільён долараў, пройдзе 12 сакавіка ў Гродзенскім гарвыканкаме.

Прадаецца ўвесь комплекс будынкаў, прыбудоў і абсталявання, які ўключае 8 капітальных збудоваў. Гэта і адміністрацыйны будынак, склад, два гаражы, склад гатовай прадукцыі. Таксама ў лот улучаны інжынерныя камунікацыі, элементы ўпарадкаванасці і дрэвы з хмызнякамі. Пачатковы кошт — 2,28 мільёнаў рублёў.

Прадаўцом аб’ектаў выступае сетка хімчыстак «Чайка», да якой «Рамбыттэхніка» юрыдычна перайшла пад канец мінулага года. Напомнім, паслугі, якія выконвалі на «Рамбыттэхніцы», цяпер будзе выконваць ТАА «Чайка». Дзе будуць месціцца прыёмныя пункты, пакуль не вядома. Таксама неўзабаве памяняе назоў і аднайменны прыпынак грамадскага транспарту.


hrodna.life/2019/01/08/13-tyisyach-dalyarau-za-pavilyon-i-amal-stolki-zh-za-uchastki-glyadzice-shto-grodzencyi-kupili-na-pershyim-u-getyim-godze-aukcyiyone/