З пачатку жніўня гродзенскі мастак-рэстаўратар Аляксей Навумчык заняўся роспісам сцен у двары гандлёвага цэнтра ABC. Плануецца, што ў верасні праца будзе скончаная і там з’явіцца фотазона з відамі старога Гродна.

За аснову роспісу Аляксей узяў фатаграфіі Гродна пачатку XX стагоддзя. Гэта будзе першая публічная работа мастака. Да гэтага моманту работы Аляксея былі толькі ў прыватных калекцыях.

«Са мной звязаліся прадстаўнікі ABC і прапанавалі размаляваць сцены, я пагадзіўся, — кажа Аляксей. — Вырашылі зрабіць роспіс прысвечаны Гродна пачатку XX стагоддзя. За аснову ўзяў старыя здымкі цэнтра горада. Мы хочам паказаць, што страцілі за перыяд войнаў і разбурэнняў. Наша мэта — перадаць атмасферу старога горада».

У двары гандлёвага цэнтра ABC рыхтуюць вялікі роспіс з відамі старога Гродна
Цэнтр Гродна пачатку XX cт. Сам мастак Аляксей Навумчык працуе ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, дзе займаецца рэстаўрацыяй абразоў

У выніковым варыянце на сцяне можна будзе ўбачыць цэнтр Гродна пачатку XX стагоддзя з ратушай, Фарай Вітаўта (Сафійскім саборам) і іншымі пабудовамі, якіх ужо няма.

«У мяне вялікі аб’ём працы, думаю, на ўсё сыдзе каля месяца. Складанасць работы ў тым, што тут я займаюся не толькі роспісам, а яшчэ многімі іншымі рэчамі. Уся складанасць у памерах, з такім я працую ўпершыню», — дадаў мастак.

Побач з роспісам з’явяцца стэнды з інфармацыяй пра славутасці Гродна намаляваныя на сцяне.