Гродзенскі тэатр лялек 6 лютага сабраў разам экскурсаводаў і прадстаўнікоў турфірмаў, каб прэзентаваць сваю праграму экскурсій.
Тэатр месціцца ў найстарэйшым тэатральным будынку Беларусі. Як кажуць яго супрацоўнікі, тут ніколі не было зернасховішчаў ці ваеннага штабу, а заўжды было толькі нешта звязанае з мастацтвам, і пераважна тэатральным. Сам будынак створаны паводле прынцыпу італьянскай крывой. Ёсць меркаванне, што гродзенскі тэатр — паменшаная копія тэатра Ла Скала ў Мілане. Паказаць сапраўды ёсць што.
Экскурсіі па тэатры ўжо ладзіліся раней, але не афішаваліся шырока. Агулам паспелі правесці 53 экскурсіі для замежнікаў і беларусаў.У тэатра ёсць свае экскурсаводкі - прафесійныя акторкі. Яны і знаёмілі гасцей з магчымасцямі і сакрэтамі тэатра. Анастасія Суханосік у вобразе Саламеі Дэльшнэр, першай дырэктаркі тэатра, расказала гісторыю ад самай пабудовы ў 1772 годзе на загад Антонія Тызэнгаўза. Людміла Паўлоўская як архіварыус тэатра правяла па запаветных месцах: тэатральным музеі, сховішчы лялек, касцюмернай, зале, дзе вырабляюць і захоўваюць дэкарацыі.
У музеі тэатра захоўваюцца лялькі ад часу, калі акторы ў прамым сэнсе працавалі на каленках, утвараючы на сцэне некалькі планаў. У малой зале акторкі паказалі невялічкі майстар-клас па кіраванні лялькамі розных відаў і сістэм мацавання.
Усё залежыць ад таго, што захочуць экскурсанты
Людміла Паўлоўская, як адзначаюць калегі, можа расказваць дзве гадзіны, і часта прыязджаюць экскурсіі, якім гэта падабаецца. «Мы можам працаваць на экскурсіі, якія больш цікавяцца тэатрам, дзіцячыя. Можна папрасіць, каб паказалі сцэнку са спектаклю — усё залежыць ад таго, што будуць хацець нашы экскурсанты». Працягласць залежыць ад таго, колькі слухачы маюць часу і што ім найцікавей.
З экскурсаводамі і турфірмамі будуць заключаць дамовы.
Па словах Людмілы Паўлоўскай, экскурсіі толькі раскручваюцца і экскурсаводкі яшчэ адладжваюць працу.
«Бывае, нават просяцца на прыватныя экскурсіі. Было, муж жонцы падарыў экскурсію, для іх дваіх праводзіла. Ёсць тэндэнцыя, калі на чыйсьці дзень народзінаў моладзь, 17−18 год, замаўляе экскурсію. Тыя, хто захапляецца тэатрам, задаюць цікавыя пытанні».
Спектаклі на замову
Для экскурсійных груп прапануюць магчымасць абраць спектакль і замовіць яго пастаноўку на патрэбную дату. Дамаўляцца найлепш за месяц. Паказы ладзяць на камернай сцэне (70 пасадачных месцаў), нават калі вялікая сцэна ў гэты дзень занятая. Невялікія спектаклі, як, напрыклад, «Залачоныя лбы», можна падрыхтаваць за пару тыдняў. «Фаўст. Сны» — працаёмісты ў падрыхтоўцы спектакль, самы цяжкі, для яго ўсталёўваецца багата дэкарацый.Цяпер тэатр прапануе чатыры спектаклі для дарослых: «Дземан», «Фаўст. Сны», «Залачоныя лбы» і «Трагедыя аб Макбеце». «Залачоныя лбы» — казка, але дарослыя глядзяць з захапленнем.
«Колькі да нас прыязджала людзей — усе заставаліся задаволеныя. З Расіі, Польшчы, з Вільні, з Коўна», — адзначае Людміла Паўлоўская.
Даведаліся выпадкова
Таццяна Вежнавец, прадстаўніца турфірмы «Пакемон»: «Нашай фірме тры гады, і мы вырашылі працаваць на ўезд. Сюды ніколі гасцей не вадзілі. Вырашылі вадзіць, бо гэта адна з жамчужын горада, якую абавязкова трэба прадставіць».
Раней турфірма вельмі цікавілася культурным рухам у нашым горадзе. Шукалі праграмы мерапрыемстваў на месяц, два, тры. Сталі тэлефанаваць у тэатры, і выявілася, што ў «ляльцы» ёсць магчымасць паставіць спектакль і правесці экскурсію адмыслова для турыстычнай групы. Даведаліся выпадкова, і якраз атрымалі інфармацыю пра прэзентацыю экскурсійнай праграмы.
«У планах — даём інфармацыю на сакавік, красавік, май, што ёсць магчымасць патрапіць у тэатр лялек. Будзем прыводзіць на экскурсіі і асабліва на спектаклі».
«Ёсць групы, якія едуць у Гродна і хочуць толькі ў тэатр. Лічу, што гэта будзе самая фішка. Такога тэатра, як наш, у іх там няма. Тэатр — жывая істота», — з захапленнем кажа Таццяна, сама вялікая аматарка тэатру.
Прапанаваныя экскурсіі
Экскурсія «Тэатр у гісторыі» (16+). Працягласць — 60 хвілін
- Гісторыя тэатральнага будынка і лялечнага тэатра, шпацыр па тэатры, наведванне тэатральнага музея, сховішча лялек і майстэрняў. Таксама правядуць майстар-клас па працы з лялькамі, раскажуць тэхніку вырабу лялек.
- Кошт: 30 р. (да 10 чалавек), 40 р. (да 15 чалавек), 60р. (да 30 чалавек)
Экскурсія «У свеце лялек» (8+). Працягласць — 45 хвілін
- Гісторыя тэатральнага будынка і лялечнага тэатра. Майстар-клас па працы з лялькамі, знаёмства з тэхнікай вырабу лялек, дэкарацый. Інтэрактыўная гульня з лялькамі.
- Кошт: 80 р. (да 50 чалавек)
Экскурсія «Лялька сваімі рукамі» (10+). Працягласць — 60 хвілін
- Гісторыя тэатральнага будынка і лялечнага тэатра. Майстар-клас на працы з лялькамі, знаёмства з тэхнікай вырабу лялек, дэкарацый. Магчымасці самім вырабіць лялькі - мотанки (абярэгі) і інтэрактыўная гульня з лялькамі.
- Кошт: 40 р. (да 10 чалавек), 70 р. (да 20 чалавек)
Экскурсія «Музей тэатра» (5+). Працягласць — 15 хвілін
- Гісторыя тэатральнага будынка і лялечнага тэатра. Унікальныя фатаграфіі самога тэатра, тэатральнай трупы у мінулым і сучаснасці. Расказ пра лялек, выстаўленых у музеі, спектаклі, ў якіх яны граюць, і тэхніку вырабу лялек.
- Кошт: 10 р. (да 20 чалавек)
Наведванне музея
- без наведвання спектакля — 1,00 руб. з чалавека
- пры наяўнасці квітка на спектакль — задарма