Запіс канцэрта паўднёвакарэйскай хіп-хоп групы BTS паказалі ў кінатэатры “Космас” 26 студзеня. Зала была перапоўнена. Наведвальнікі засталіся ў захапленні, а некаторыя не змаглі стрымаць слёз.
У гэты дзень у кінатэатры прайшлі два паказы па дзве гадзіны кожны. Адзін з іх сабраў 375 чалавек – у асноўным падлеткаў 12-18 гадоў.
“Некаторыя хлопцы дзеля прагляду прыехалі з іншых гарадоў, – распавядае арганізатар Анастасія Шабашова. – Па-сапраўднаму цёпла было чуць, як крычаць імёны людзей, якімі мы захапляемся. Гэта мы называем фанчантамі. Некаторыя прызнаваліся ў любові да фандому [фанатаў групы – рэд. ]. Я, як арганізатар, была моцна кранутая тым, як фанаты прызнаваліся адзін аднаму ў любові”.
Анастасія адзначае, што канцэрт на вялікім экране і з добрай якасцю гуку нават параўнаць нельга з праглядам на экране тэлефона.
Што такое BTS?
BTS – паўднёвакарэйскі бойсбэнд, хіп-хоп-група, якая складаецца з сямі хлопцаў. Яна сфармавалася ў 2011 годзе. У BTS мільёны прыхільнікаў па ўсім свеце.





