Паездка ў Латвію на канцэрт Rammstein, якая сарвалася два гады таму, літаральна падарыла Гродна новы музычны гурт. Экс-прадавец музычных інструментаў, яго брат-інжынер, два айцішнікі і манцёр чыгуначных шляхоў з веданнем нямецкай рыхтуюць трыб’ют папулярнага гурта з Нямеччыны. Першы іх канцэрт пройдзе 1 траўня ў бары «RockStar». Карэспандэнтка Hrodna.life запісала незвычайную гісторыю гурта.

Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon

Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.

Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы. Напрыклад — за мяжой. І ні ў якім разе не з карты беларускага банка.

Рэдакцыя Hrodna.life напісала на афіцыйную старонку Rammstein, што гродзенцы рыхтуюць трыб’ют-канцэрт. Адказаў Ціль Ліндэман!

Апошнія чатыры гады музыкант Алег (Варона) Варанцоў працаваў у краме музычных інструментаў «GreenStar». Звольніўся праз падзеі жніўня 2020 года. «У цэнтры складана стала працаваць. Адзін раз думаў, што да [рэпетыцыйнай] кропкі не дайду, якая ў двух кроках ад працы. Павяжуць і паеду я з гітарай не туды, куды трэба». Цяпер Алег працуе бармэнам у «Бухте».

Дзяцінства прайшло, мара засталася

У 2019 годзе Алег збіраўся на канцэрт Rammstein у Рыгу. Ён ужо купіў квіткі, але паездка сарвалася праз сварку з дзяўчынай. «Адзін квіток прадаў знаёмай, другі аддаў брату, у яго была віза. Пасля канцэрту сядзеў, падбіраў і пераігрываў Rammstein», — распавёў музыка.

Rammstein і коцікі. Два браты, два айцішнікі і чыгуначнік адыграюць у Гродне трыб'ют улюбёнага гурта
Алег (Варона) Варанцоў не трапіў на канцэрт Rammstein. Таму сабраў гурт і грае іх музыку ў Гродне

Брат Алега, Павел Варанцоў, інжынер-электрык ў сетцы крамаў, таксама фанат Rammstein. Граць на гітары пачаў у 12 гадоў. Першая песня, якую ён падабраў, была з рэпертуару Rammstein.

Rammstein і коцікі. Два браты, два айцішнікі і чыгуначнік адыграюць у Гродне трыб'ют улюбёнага гурта
Павел Варанцоў - брат Алега. У групе — сола-гітарыст. Першая песня, якую ён падабраў на гітары, была з рэпертуару Rammstein

Rammstein — метал-гурт з Нямеччыны. Заснаваны ў студзені 1994 года ў Берліне. Для гурта характэрныя спецыфічныя рытмы, эпатажныя тэксты, выкарыстанне піратэхнікі на выступах. У гурце граюць вакаліст, аўтар тэкстаў і фронтмэн Ціль Ліндэман, лід-гітарыст Рыхард Круспэ, бубнач Крыстаф Шнайдэр, рытм-гітарыст Паўль Ландэрс, клавішнік Крысціян Лорэнц, бас-гітарыст Олівер Рыдэль. Склад гурта ні разу не мяняўся. Продажы альбомаў гурта — каля 20 мільёнаў копій.

Rammstein і коцікі. Два браты, два айцішнікі і чыгуначнік адыграюць у Гродне трыб'ют улюбёнага гурта
Rammstein выконваюць песню «Engel» у Мэдысан-сквер-гарден 11 снежня 2010. Фота: KinkESizemore, CC BY-SA 3.0, via Wikimedia Commons

Браты сталі рэпетаваць удвох, гралі пад запісы, а калі стала атрымлівацца, вырашылі сабраць калектыў і зрабіць трыб’ют. Яны з дзяцінства марылі хоць раз даць канцэрт па-сапраўднаму. Цяпер прыйшоў час увасобіць мару.

«Трыб'ют» — ад ангельскага tribute, што значыць «даніна павагі». Гэта канцэрт, прысвечаны творчасці музыканта або гурта. На трыб’ютах іх песні гучаць у выкананні іншых музыкаў.

Каманду музыкаў набралі ў бары

Спачатку Алег збіраўся спяваць сам. Але зразумеў, што на нямецкай гэта складана. Браты вырашылі, што Паша будзе граць на сола-гітары, а Алег на бас-гітары. Вакаліста і бубнача будуць шукаць. Патрэбныя выканаўцы знайшліся ў бары, дзе цяпер Алег працуе, а Паша часта заходзіць вечарамі. Гэта месца, па словах Алега, «усіх аб’яднала».

Дзіма-бубнач: «З дзяцінства люблю гэты гурт»

Першым знайшлі барабаншчыка. Ім стаў веб-дызайнер Дзмітрый Глушчанка. «Ён выявіўся дзікім фанатам Рамштайна — пяць разоў быў канцэртах у Еўропе», — распавёў Варона.

Rammstein і коцікі. Два браты, два айцішнікі і чыгуначнік адыграюць у Гродне трыб'ют улюбёнага гурта
Дзіма навучыўся граць на барабанах ў школе, але дарослым да прыходу ў гурт пра гэта не ўспамінаў

Дзіма пачаў граць на барабанах ў дзясятым класе, вучыўся ў музычнай школе і нават браў індывідуальныя ўрокі. Але пасля школы да прыходу ў гурт больш не садзіўся за барабаны. «За восем месяцаў ён стаў вельмі нават нядрэнна граць», — распавёў Алег.

«Бухалі ў бары, падыходзіць Варона і кажа: „Хачу граць Rammstein“. Сказаў, што я бубнач і з дзяцінства люблю гэты гурт. Абмяняліся тэлефонамі», — успамінае Глушчанка знаёмства.

Вадзім-вакаліст: «Даў у морду за Rammstein»

Вакаліста Вадзіма Крываносава сустрэлі ў тым жа бары. «Ён афігенна размаўляе па-нямецку, практычна няма акцэнту, — кажа Варона. — Вечна сядзеў і вырабляўся на нямецкай. Падумаў, хоць бы Rammstein слухаў. Пашанцавала. Вадзім аказаўся фанатам. Усё сышлося», — распавёў Варона.

Вадим Кривоносов фанат группы Rammstein и немецкого языка. Раньше петь не пробовал
Вадзім Крываносаў - фанат гурта Rammstein і нямецкай мовы. Раней спяваць не спрабаваў

Да прыходу ў гурт Вадзім ніколі не спяваў. Ён працуе манцёрам шляхоў на чыгунцы. Нямецкую мову вывучыў сам, яшчэ дзіцем.

«У бабулі зала была агромністая, клаўся на падлогу, адкрываў слоўнік і вучыў словы, правілы чытання і граматыку трошкі», — успамінае Вадзім.

Ад прапановы стаць салістам гурта ён доўга адмаўляўся. Першым аргументам «за» было тое, што спяваць трэба на нямецкай. Другім — што гэта Rammstein.

«Я ў дзяцінстве па ім фанацеў моцна, напэўна праз гэта згадзіўся. Нават бойку ў школе зладзіў адзін раз. Аднакласнік сказаў, што „гаўно твой Rammstein“, ну я і набіў яму морду», — распавёў Hrodna.life Вадзім Крываносаў.

Дзіма-гітарыст: прыйшоў за кампанію

Другім гітарыстам запрасілі Дзмітрыя Мінгіновіча. Цяпер ён працуе ў IT-кампаніі. Музычнай адукацыі ў яго няма. Гітару асвоіў сам, яшчэ школьнікам. Спачатку Зміцер прыходзіў на рэпетыцыі за кампанію і часам спрабаваў падыгрываць.

Rammstein і коцікі. Два браты, два айцішнікі і чыгуначнік адыграюць у Гродне трыб'ют улюбёнага гурта
Дзмітрый Мінгіновіч — другі гітарыст гурта. Фота з асабістага архіва

«Калі разам усё зыгралі, зразумелі, што аб’ёмней і цікавей гучыць з другой гітарай», — кажа Дзіма.

Пажаданне ад Ціля

Першы выхад на публіку рыхтавалі да байк-фесту. Каб выступіць там, дастаткова проста падаць заяўку. Але ў 2021 годзе фэст адмянілі. Каб не адкладаць канцэрт надоўга, сталі шукаць іншыя магчымасці.

Атрымалася дамовіцца з барам «RockStar». Музыкі разлічваюць, што на канцэрт прыйдуць не менш за 50 чалавек. «У Гродне многія слухаюць Rammstein. Кантынгент будзе дастаткова разнамасны. Я ведаю шмат народу, які ездзіць у Еўропу на канцэрты гурта, гэта ўжо аб нечым кажа. Думаю, ім будзе цікава, прыйдуць прачэкаць, як зробім гэта мы», — распавёў Варона.

Rammstein і коцікі. Два браты, два айцішнікі і чыгуначнік адыграюць у Гродне трыб'ют улюбёнага гурта
«Прабачце, пакуль не атрымаецца выканаць вашыя просьбы [аб аўтографах], але я жадаю музыкам-пачаткоўцам поспеху. Ад усяго сэрца хачу, каб іх кар’ера склалася найлепшым чынам. Больш святла, больш натхнення», — пажадаў Ціль Ліндэман гродзенскім музыкам-аматарам

Кошт квіткоў на трыб’ют будзе сімвалічным.

Пасля гродзенскага дэбюту музыкі плануюць выступіць у адным з мінскіх клубаў. «Адным канцэртам скончыць не хочацца, — кажа Павел Варанцоў. — Склад добры, трэба працягваць».


У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.

Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!

З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.