З другога студзеня польскі ўрад скасаваў візы на закупы для грамадзян Беларусі. Рашэнне з абурэннем успрынялі палітыкі апазіцыйнай польскаму ўраду Грамадзянскай Платформы, піша «Радыё Рацыя».

Роберт Тышкевіч: Адмена віз на закупы адмоўна адаб’ецца на Падляшшы
Пасол у Польскі Сойм Роберт Тышкевіч
Пасол у Польскі Сойм Роберт Тышкевіч лічыць, што скасаванне гэтага віду візаў адмоўна адаб’ецца на Падляшскай эканоміцы ды памежнай супрацы:

— Мы вельмі занепакоены пабудовай такой жалезнай заслоны паміж Польшчай і Беларуссю. Заслоны, якая робіць немагчымым свабоднае перамяшчэнне тавараў і людзей, мажлівасць свабоднага гандлю паміж грамадзянамі Беларусі і грамадзянамі Польшчы.

Наступствамі рашэння польскага ўраду ды ўладаў Беларусі наконт змяншэння колькасці тавараў, якія можна правезці праз мяжу, занепакоеныя і ўлады Беластока.

Намеснік прэзідэнта Беластока Збігнеў Нікітаровіч абураецца: «Амаль мільярд злотых пакідалі тут грамадзяне Беларусі штогод. Беларускі бок увёў новыя ліміты, якія датычацца магчымасці правозіць праз мяжу закупы, зробленыя ў Польшчы грамадзянамі Беларусі: у тры разы меншы кошт і ў два разы меншая вага».

Збігнеў Нікітаровіч нагадвае, што ад пачатку 90-х гадоў гандаль з усходам быў для Беластока важным падмуркам для развіцця. Ён лічыць, што гэтыя два фактары — скасаванне віз на закупы і змяншэнне лімітаў да правозу тавараў праз мяжу — пагражаюць сур’ёзным крызісам памежнага гандлёвага турызму ва Усходняй Польшчы.

Пасол Роберт Тышкевіч звярнуўся да міністра замежных спраў Яцэка Чапутовіча з запытам, што спрычынілася да скасавання візаў на закупы, а таксама як міністр ацэньвае эканамічныя наступствы такога рашэння. Па сённяшні дзень міністэрства такой інфармацыі не прадставіла.