У канцы 2018 года гродзенскі ваенны гісторык Дзмітрый Кіенка прэзентаваў кнігу «Каралін (Гродна) першы аэрадром Беларусі». Гэта адзінае комплекснае даследаванне «старога аэрадрома» пад Гродна і авіячастак, якія на ім дыслакаваліся ў розныя гады.

Гісторык збіраў інфармацыю для кнігі каля 10 гадоў. У ёй шмат ілюстрацый: 80 фотаздымкаў, 29 малюнкаў і 2 карты-схемы.

«Аэрадром ў Гродне, пазней перанесены на ўскраіну горада каля вёскі Каралін, стаў першым аэрадромам у Беларусі. На працягу ўсёй сваёй гісторыі ён не спыняў працу і існуе дагэтуль у пачатковым выглядзе», — распавядае гісторык.

Гісторыя авіяцыі не была адлюстравана ніяк

Каб напісаць кнігу Дзмітрый працаваў з дакументамі і архівамі розных гадоў, выязджаў на пошукавыя работы і збіраў успаміны мясцовых жыхароў.

«Гісторыя авіяцыі ў Гродне сёння не адлюстравана ніяк, а калі хтосьці займаўся ваеннай гісторыяй, то толькі ў кантэксце сухапутных войскаў. Таму я паставіў сабе мэту напісаць пра першы аэрадром у Беларусі. Яго гісторыя шчыльная і невялікая, хоць ён адзіны ў нашай краіне да гэтага часу ў тым пачатковым выглядзе, у якім з’явіўся ў 1913 годзе. Ён ніколі не перапыняў сваёй працы. Сёння там авіяклубах, выкарыстоўваецца самалёт АН-2 для парашутыстаў».

Першы збіты знішчальнік Вялікай айчыннай

Гісторык адзначае, што авіяцыя, што ўзлятала з аэрадрома «Каралін», удзельнічала ва ўсіх войнах, якія мелі месца на тэрыторыі Беларусі.

«У перыяд Першай сусветнай „Каралін“ стаў аэрадромам для нямецкай авіяцыі. І для палякаў аэрадром адыграў вялікую ролю: у верасні 1939 года за яго быў моцны бой роты аховы з савецкімі войскамі. Але ўсё ж самая яркая старонка з гісторыі гэтага аэрадрома гэта 1941 год, калі там знаходзілася 10-я эскадрылля савецкіх пагранвойскаў. Былі там даволі ўнікальныя самалёты Р-10 (разведчык), стаяла яшчэ звяно знішчальнікаў, якія ўзляцелі з пачаткам вайны. Я прыйшоў да высновы, што першы збіты знішчальнік у 4:20, магчыма, быў першым збітым самалётам у Вялікай Айчыннай вайне з савецкага боку».

Гродзенскі гісторык выдаў кнігу пра першы ў Беларусі аэрадром

Чатыры самалёты-помнікі

Ёсць у кнізе цэлы раздзел, прысвечаны помнікам, звязаным з авіяцыяй ў Гродне.

«У савецкія гады ў Гродне было некалькі помнікаў, звязаных з авіяцыяй. У парку Жылібера стаяў Ту-124 — там быў дзіцячы кінатэатр. Каля Фары Вітаўта стаяў ЛА-7 у выглядзе помніка ад ДТСААФ. Быў адзін у двары школы па Савецкіх Пагранічнікаў - самалёт АН-2 і яшчэ на Кургане Славы С-17».

Гродзенскі гісторык выдаў кнігу пра першы ў Беларусі аэрадром


Кніга «Каралін» гэта ўжо 14-е друкаванае выданне гродзенскага гісторыка. Папярэднія кнігі Дзмітрыя Кіенкі «Гром начнога неба», «Крылы над Нёманам», «Крылы над Лідай», «Крылы над Гродна», «Гісторыя 979-га знішчальнага авіяпалка 1941−1989 гг.», «Гісторыя 10-га асобнага авіяцыйнага разведпалка 1941−2010 гг.» і іншыя сталі вынікам велізарнай даследчай работы па гісторыі авіяцыі на Гродзеншчыне.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life