Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыях 10 студзеня абвесціць лаўрэатаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». У намінацыі «Журналіст года» прадстаўленыя гродзенскі беларускамоўны рэсурс Hrodna.life, карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова, спецпраект «Актывісты» анлайн-часопіса 34mag.net, рэсурс Binkl.by, відэаблогер з Брэста Сяргей Пятрухін, самы папулярны сайт Гомельскай вобласці Gomel.today, піша БелаПАН.

Hrodna.life быў намінаваны на прэмію і ў 2017 годзе. Тады яе атрымаў гомельскі блогер Максім Філіповіч за грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці.

Прэмія была заснаваная, каб адзначыць выбітных людзей, арганізацыі, а таксама падзеі, якія сталі знакавымі для развіцця трэцяга сектара Беларусі. Першая цэрымонія адбылася ў 2009 годзе.

Традыцыйна пераможцаў вызначаюць паводле вынікаў сумеснага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў членамі рабочай групы Асамблеі НДА, а таксама спецыяльна запрошанымі экспертамі з ліку лідараў няўрадавых арганізацый, леташніх пераможцаў прэміі, журналістаў. Сёлета ў журы ўвайшло 112 чалавек. Сярод іх гродзенка — дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка.

Таксама прэмію ўручаць у намінацыях «Новая ініцыятыва», «Рэгіянальная падзея» (у ёй намінаваныя «Універсітэт залатога веку» ў Гродне і «Утульны панадворак у цэнтры Гродна», «Крэатыў года» (Першы студэнцкі хакатон у Гродне), «Талака года», «Медыяактыўнасць года», «Партнёрства года» і «Кампаніі года».

У намінацыі «Гарбуз года» прэмія ўручаецца за негатыўныя дзеянні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх актывістаў. Сёлета намінантамі сталі кіраўніцтва Мінгарвыканкама (за неусталяванне памятнай дошкі ў гонар 100-годдзя БНР), намеснік дырэктара мінскай гімназіі № 31 Інэса Ахрамовіч (за прымус вучняў да ўступлення ў БРСМ), кіраўніцтва МУС (за пакаранні з-за статуі «Мінскі гарадавы»), інфармацыйнае агенцтва БелТА (за крымінальную справу ў дачыненні да 15 журналістаў), Палата прадстаўнікоў (за прыняцце паправак у закон аб СМІ, якія ўзмацнілі кантроль за інтэрнэтам).