Жыхары пасёлка Берагавы патрапілі ў дарожны тупік. Амаль тры гады таму выезд з пасёлка на трасу ў бок Гродна стаў немагчымы: на М6 непадалёк ад старога паста ДАІ паварот налева зачынілі адбойнікам. З той пары жыхары дабіраюцца ў Гродна праз развязку, якая знаходзіцца ў кіламетры ад мястэчка.

Такія нязручнасці змушаюць аўтамабілістаў «намотваць» лішнія кіламетры, марнаваць час і выдаткоўваць больш за бензін.

Аб’езд за 600 тысяч даляраў

Жыхары мястэчка працягваюць дамагацца скасавання прынятай пастановы. Пасля ліставання з мясцовымі ўладамі людзі дамагліся, каб да іх прыехалі са сталіцы прадстаўнікі МУС, расказвае «Вячэрні Гродна». Сустрэча дала першыя вынікі: каля пешаходнага пераходу абмежавалі хуткасць з 100 до 80 км/г, усталявалі ліхтары і паклалі ходнік. Але паварот налева гэтак і не адкрылі.

Жыхары Берагавога тры гады не могуць выехаць з мястэчка налева па трасе, але не здаюцца
Як раней выглядаў пешаходны пераход

Жыхары Берагавога тры гады не могуць выехаць з мястэчка налева па трасе, але не здаюцца
Як ён выглядае цяпер
Жыхары Берагавога самі прапаноўвалі варыянты развязкі праблемы. Быў сярод іх нават фантастычны: засыпаць велізарны яр паміж Берагавым і ГЭС, і пусціць па ім дарогу. У верасні 2016 года туды нават звозілі грунт і разраўноўвалі яго. Аднак па некаторых падліках такі аб’езд павінны пацягнуць на 600 тысяч даляраў. Тады вярнуліся да старой версіі: адкрыць паварот з дадатковай паласай разгону, каб не замінаць іншым кіроўцам.
Жыхары Берагавога тры гады не могуць выехаць з мястэчка налева па трасе, але не здаюцца
Спробы засыпаць яр

Галоўны аргумент — бяспека

У суботу, 22 снежня, актывісты проста на заездзе ў пасёлак сустрэліся з намеснікам старшыні аблвыканкама Уладзімірам Дзяшко, начальнікам Гарадзенскай ДАІ Уладзімірам Назарко, генеральным дырэктарам «Гроднавтадора» Валерам Венцковічам і іншымі службоўцамі.

— Паглядзіце, якая тут інтэнсіўнасць руху, як тут павярнуць налева? — не разумеў Уладзімір Дзяшко. — Адкрыем паварот, крый божа, нехта загіне, як вы потым будзеце жыць… Пасля ўводу трасы М6 хуткасць будзе 120 км/г., дый інтэнсіўнасць вырасце ў разы.

«Збяром камісію»

Пасля гутаркі Уладзімір Дзяшко разам з некалькімі жыхарамі Берагавога сел у машыну і праехаў па трасе ў раёне Берагавога і Шчачынава. Пасля таго, як яны вярнуліся, намеснік старшыні аблвыканкама паабяцаў, што пасля Новага года праблему абмяркуюць усе зацікаўленыя ўстановы.

— Мы збяром камісію і запросім прадстаўнікоў ДАІ рэспублікі, а таксама навуковых працаўнікоў кафедры арганізацыі дарожнага руху БНТУ, паклічам вашага дэпутата (Сяргей Літвін таксама быў на сустрэчы), і актыў вашага мястэчка, — сказаў Уладзімір Дзяшко. — Калі рэспубліканская ДАІ пацвердзіць сваю забарону, то я не маю паўнамоцтваў яго скасаваць.

— Няма сумневаў, што забарона павароту — гэта слушнае рашэнне, але ж з іншага боку няможна думаць, што і да гэтага было няправільна, калі паварот быў адкрыты, — разважаў адзін з жыхароў Берагавога.

Ці дамогуцца жыхары пасёлка свайго і ці трэба будзе кіроўцам на трасе М6 не толькі зніжаць хуткасць, але і ўважліва глядзець на аўтамабілі, якія выязджаюць з Берагавога, мы даведаемся ўжо ў наступным годзе.