На трасе М-6, якая звязвае Гродна і Мінск, з’явяцца «тэхаскія вароты» або «канадскія скатапрагоны» — спецыяльныя пласціны, якія ствараюць дыскамфорт жывёлам пры іх спробе перасекчы загароджу. Такім чынам улады хочуць абмежаваць выхад дзікіх жывёл на магістраль для іх бяспекі.
Прынцып канструкцыі заключаецца ў тым, што на канцы сеткі ставяцца аднабаковыя клапаны – яны дазваляюць зверу вярнуцца ў лес, але не выйсці на трасу, піша БелТА.
Траса М-6 прызнана адной з самых небяспечных у краіне. Нават пасля рэканструкцыі магістралі ў 2017 годзе аварыі з жывёламі здараюцца штогод.
На працягу шасці гадоў улады праводзілі эксперымент з «аптычным плотам» – меркавалася, што святлоадбівальныя сігнальныя слупкі будуць адпужваць жывёл. Пасля намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Жук прызнаў, што эксперымент аказаўся неэфектыўным.
У траўні 2025 чыноўнікі вярнуліся да старога спосабу – усталёўцы металічных загарод уздоўж трасы. Толькі за 2025 год на ўстаноўку загароджы выдаткавалі 2,6 млн руб.
Чытайце таксама: Жыхары Гродзенскага раёна скардзяцца на зграю сабак — мясцовыя ўлады не могуць вырашыць праблему



