На наступным тыдні ў Новым замку першых наведнікаў сустрэне новая экспазіцыя «Сакральная спадчына Панямоння», дзе ўпершыню на вольны агляд выставяць частку адноўленага архіва гродзенскіх брыгітак, паведамляе «Гродзенская праўда».
Супрацоўнікі музея ўспамінаюць, як яшчэ некалькі гадоў таму дакументы літаральна рассыпаліся ў руках. Праз моцнае пашкоджанне паперы працаваць з імі было проста немагчыма. У такім стане з архіва гродзенскага Брыгіцкага касцёла яны трапілі ў музей больш за 50 гадоў таму. Пра тое, што ў Гродню захоўваюцца такія дакументы, стала вядома калегам з Польшчы, якія атрымалі грант і цягам двух гадоў праводзілі рэстаўрацыйную працу.
Напачатку гэтага года ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей вярнулі каля 300 адноўленых несшываных старонак-картак, якія датуюцца рознымі эпохамі - ад XVI да ХХ стагоддзяў. Сярод іх — рэгламент жыцця манашак, малітоўнікі і спеўнікі і дакументы так званага гаспадарчага ўліку — дамовы, вопісы.
На выставе пакажуць і іншыя прадметы, якія характарызуюць розныя вераванні жыхароў прынёманскага краю. Тут можна будзе ўбачыць абразы і адзенні святароў, археалагічныя артэфакты, знойдзеныя падчас раскопаў на Замкавай гары — лампадкі, крыжы і галаснікі.
[irp posts="84 137″ name="Хату гараджан 14 стагоддзя знайшлі на раскопках Старога замка ў Гродне"]
З Мінска прыедуць партрэты сям'і вядомых магнатаў Вялікага княства Літоўскага Весялоўскіх, заснавальнікаў гродзенскага манастыра ордэна Святой Брыгіты. Доўгі час карціны лічыліся страчанымі у час Другой сусветнай вайны, але ў 1966 годзе іх знайшлі ў крыптах касцёла Звеставання Панны Марыі, які раней уваходзіў у комплекс Брыгіцкага манастыра. Тады гэта стала сапраўднай сенсацыяй.
Крыштаф Весялоўскі разам з жонкай заснавалі Брыгіцкі манастыр у Гродне ў памяць пра рана памерлую прыёмную дачку Грызельду. Сёння гэтыя партрэты займаюць бачнае месца сярод экспанатаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Партрэт Крыштафа Весялоўскага з’яўляецца адным з прыкладаў жанру «сармацкага партрэта»
[irp posts="72 615″ name=" Муроўка XII стагоддзя — ужо сенсацыя". Чаму раскопкі ля Новага замка трэба абавязкова працягваць"]
— З фондаў сталічнага музея ў Горадню будзе прадстаўлена таксама сем абразоў «Апостальскі шэраг», — кажа загадчык аддзела гісторыі краю гісторыка-археалагічнага музея Яўген Махнач. — Можна будзе ўбачыць у Новым замку і карціну пачатку XVIII стагоддзя «Танец смерці», якая захоўваецца ў касцёле Звеставання Найсвятой Панны Марыі (Брыгіцкім).