Новы генплан Гродна не прадугледжвае стварэння батанічнага саду ў парку Жылібера. Сад у будучыні можа з’явіцца на базе якога-небудзь універсітэта ў Гродне. Пра гэта на сустрэчы з зацікаўленымі гараджанамі і арганізацыямі распавяла намеснік галоўнага архітэктара горада Вольга Барэйка.
1 лістапада ў гарвыканкаме праходзіла абмеркаванне экалагічнага даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы новага генплана.
Батанічны сад у парку Жылібера яшчэ ў 2011 годзе пачала адраджаць краязнаўца Наталля Канюк. Сёння там налічваецца каля 200 розных раслін, з іх 75 на месцы старога батанічнага саду, які ў канцы 18 стагоддзя заклаў Жылібер.
[irp posts="58 162″ name="Батанічны сад у Гродне папоўніўся новымі раслінамі"]
«Трэба разумець, што батанічны сад гэта перш за ўсё навукова-даследчая ўстанова. І калі яго развіваць у парку Жылібера, то ў будучыні там можа з’явіцца абгароджаная тэрыторыя, якая не будзе мець статусу гарадскога парку. А гэта перш за ўсё абмежаваны доступ для людзей, — распавядае Вольга Барэйка. — Таму мы сталі разглядаць іншыя варыянты, бо ідэя з батанічным садам ў Гродне вельмі добрая».
Чыноўнікі ўжо выходзілі з прапановай да навучальных устаноў. Зацікавіўся універсітэт імя Янкі Купалы — там якраз ёсць факультэт біялогіі, ён знаходзіцца на вуліцы Даватара.
Пасадкі, якія ўжо маюцца ў парку Жылібера, там застануцца. Вольга Барэйка адзначыла, што гараджане могуць падтрымаць ініцыятыву закладзеную Наталляй Канюк і працягваць высаджваць там хмызнякі і дрэвы.
[irp posts="38 811″ name="Памяць Наталлі Канюк уганаравалі Узнагародай Ядкоўскага і выданнем зборніка"]