Школьнікі, студэнты і актывісты ў пятніцу 13 красавіка зрабілі першую ў гэтым годзе пасадку раслін у Гродзенскім батанічным садзе. Чатыры экзатычныя дрэвы прадаставіў Зелянбуд.

Батанічны сад у парку Жылібера папоўніўся вавілонскай вярбой, цэльналістнай вярбой хакура нішыкі, пурпурнай вярбой нана і самшытам. Плануецца, што цягам года Зелянбуд высадзіць у саду яшчэ шэраг раслін.

«Батанічны сад зіму перажыў добра, таму што з’явіліся людзі і спецыялісты, якія яго даглядаюць, — распавядае ландшафтны архітэктар Зелянбуда Таццяна Пашкевіч. — Сёння мы пасадзілі чатыры дрэвы: тры віды вярбы і самшыт. Усе дрэвы экзатычныя. Мы не высаджваем усе дрэвы адразу, бо хочам падоўжыць гэтую акцыю і пасадзіць некалькі раслін вясной і восенню».

Ужо другі год батанічны сад даглядаюць акрамя супрацоўнікаў Зелянбуда таксама прадстаўнікі школ № 8 і № 2, а таксама студэнты Аграрнага ўніверсітэта. Сёння ва ўсім парку Жылібера налічваецца каля 200 розных раслін, з іх 75 на месцы батанічнага саду, які пачала адраджаць Наталля Канюк у 2011 годзе.