Гродзенская яўрэйская абшчына зацікаўлена ва ўвекавечанні імя Лейбы Найдуса на вуліцы яго імя. Пра гэта Hrodna.life распавёў кіраўнік культурнага праекта “Кіслеў” Натан Шамсутдзінаў, які ў бліжэйшы час пачне займацца пытаннямі ўстаноўкі мемарыяльнай шыльды ў гонар паэта.
23 ліпеня 2018 спаўняецца 100 гадоў як у Гродне памёр паэт Лейб Найдус. З гэтай нагоды ў музеі ў сінагозе рыхтуюць вялікі стэнд прысвечаны вядомаму гродзенцу. Таксама на радзіму паэта ўжо прыязджаў яго ўнучаты пляменнік – Яўген Смоляр. Вядомы ў мінулым польскі журналіст быў рады, што ў Гродне праз до1ўгія гады захавалася вуліца названая ў гонар яго дзеда. Яшчэ да прыезду сваяка Найдуса, у Гродне ўздымалася пытанне аб усталёўцы бюста паэту. Але сёння ў яўрэйскай абшчыне лічаць, што будзе лепш, калі на вуліцы ў цэнтры Гродна замест невялікага помніка з’явіцца мемарыяльная шыльда.
“Абшчына распрацоўвае разам з праектам “Кіслеў” план усталявання мемарыяльнай дошкі, – распавядае Натан Шамсутдзінаў. – Таксама мы вядзем перамовы з гарвыканкамам. Сёння калегіяльнага мы вырашылі, што мемарыяльная дошка будзе лепш за бюст, бо ў абшчыны няма такіх фінансаў каб ўсталяваць помнік”.

Ужо зроблены вялікі крок
Каб усталяваць дошку, абшчына хоча прыцягнуць не толькі мясцовых прадпрымальнікаў, але і замежнікаў. Ёсць верагоднасць, што будзе распрацавана спецыяльная праграма па зборы ахвяраванняў.
“Гродзенец Лейб Найдус быў паэтам яўрэйскай нацыянальнасці, пісаў не толькі на ідыш, але і на іншых мовах. Гэты чалавек у маладым узросце стаў значнай фігурай для розных культур, – кажа Натан Шамсутдзінаў. – Як прадстаўнік абшчыны, жыхар горада і чалавек звязаны з культурай, я лічу, што нельга не ўшанаваць памяць Лейба Найдуса. Сёння ўжо зроблены вялікі крок – горад назваў адну з вуліц у цэнтры яго імем. Засталася шыльда”.

Анёл з апушчанымі крыламі
Каб усталяваць памятную дошку ў цэнтры Гродна патрэбныя не толькі сродкі, але і дазвол ад Міністэрства культуры. Трэба правесці конкурс работ і выбраць месца для ўстаноўкі. У Гродзенскім гарвыканкаме зацікаўлены ў гэтым і гатовыя дапамагчы.
“Безумоўна, такая дошка зможа прыцягнуць увагу турыстаў, у яе будзе добрае месцазнаходжанне – у самым цэнтры горада. Як яна будзе выглядаць, мы дакладна яшчэ не ведаем, але хацелася б, каб на дошцы быў анёл з апушчанымі крыламі. Гэтая ідэя прыйшла нам адразу. Вядома, што помнік на магіле Найдуса ў Гродне быў менавіта такі”, – дадаў Натан Шамсутдзінаў.
У абшчыне плануюць усталяваць шыльду да 2020 года.



