Больш за 1500 каталікоў з усіх гарадоў нашай краіны сабраліся ў Гродне. Тут ад 29 красавіка да 1 мая пройдуць ІІІ Cустрэчы Каталіцкай Моладзі Беларусі. Удзельнікаў чакаюць сумесныя багаслужэнні, прэзентацыі дыяцэзій, размовы, дыскусіі і культурныя імпрэзы.
«Самаму малодшаму зарэгістраванаму ўдзельніку сустрэчаў 4 гады, а самай старэйшай ўдзельніцы – 57. Але ўзрост для сяброўскай камунікацыі не памеха. Маладым у душы можа быць кожны.» – запэўніла прадстаўнічка арганізатараў Марыя Багдзевіч.

“Мы сёння гаспадары свята, прымаем гасцей”, – падзяліліся ўражаннямі Марыя Бугай і Надзея Семянчук з парафіі касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы.

Апроч працоўнай праграмы будзе час і на знамства з моладдзю з іншых гарадоў і іх парафіямі. Кожны вечар будуць канцэртныя праграмы рэлігійных гуртоў. 29 красавіка для ўдзельнікаў зайграюць гурты AVE і ВДС з Гродна, 30 красавіка – CROSSWAY з Баранавічаў, а 1 мая – PILIGRIMS (Пілігрымы) са Смаргоні.

“Сёння моладзь змяніла наш касцёл. Заходзіш – столькі новых людзей, столькі незнаёмых твараў – вельмі незвычайныя адчуванні. Гэта радасць – пазнаць іншых маладых людзей, падзяліцца пачуццём веры. Нават проста запытаць “як справы” – таксама ўжо файна”.









