Найлепшыя чаканні журы спраўдзілі фіналісты абласнога этапу конкурса на лепшага чытальніка вершаў па-беларуску 25 красавіка ў Гродне. Сярод амаль 30 удзельнікаў другога, вочнага тура журы абрала пяцёрку пераможцаў. Імі сталі Маліка Мірзаліева, Арына Баярчук, Ульяна Астрамовіч, Анастасія Прымачок, Марыя Новік. Пераможцаў узнагародзілі смартфонамі і запрасілі на рэспубліканскі фінал. Ён адбудзецца ў маі на вялікай сцэне Купалаўскага тэатра ў Мінску.
«Мы нават паміж сабой гаварылі, што трэба лепшыя з дасланых матэрыялаў паказваць па тэлевізары, на першым канале! Такія прыгожыя, такія шчырыя дзеці! Такое веданне мовы! - зазначыла старшыня журы, пісьменніца Раіса Баравікова. — Галоўнае, што ўсе чыталі вершы з любоўю, з жаданнем зрабіць як мага лепш. Адчувалася, што гэтыя дзеці не проста любяць Беларусь — яны адчуваюць сябе беларусамі, шануюць сваю гісторыю, свой край. Калі яны ўсё гэта захаваюць на доўгае жыццё, то выйграюць усе, выйграе Беларусь».
Што выбраць лепшых было вельмі цяжка, прызнаўся і прадстаўнік журы ад кампаніі velcom Віктар Пазнякоў:
«Гэта быў сапраўдны выклік. Але ж мы хацелі данесці да дзяцей, што ўдзельнічаць у конкурсах не страшна, што адсутнасць выйгрышу гэта не параза, а прыступка да далейшых перамог».
Прыз ад спецыяльна запрошанага сябра журы, Пятра Карнауха з футбольнага клуба «Нёман», атрымала Рэната Мамедава з Мінойтаў. Са словаў Пятра Карнауха, здарылася «дэ жа вю» — сам адчуў сябе школьнікам, узгадаў урокі мовы. «Аж слёзы пайшлі», — пазначыў ён у сваім нататніку і прызнаўся, што адзначыў выступ Рэнаты дзвюмя дзясяткамі. «Цяпер у Мінойтах будзе больш заўзятараў нашага клуба», — зазначыў Карнаух, перадаючы дзяўчыне торбачку з фірмовымі падарункамі самага беларускамоўнага футбольнага клуба краіны.
Усе ўдзельнікі абласнога фіналу атрымалі ганаровыя дыпломы, а пераможцы — яшчэ і сучасныя смартфоны.
Вялікі фінал конкурса адбудзецца ў маі і пройдзе ў Мінску, у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Кожную вобласць прадставіць па 5 удзельнікаў. Пераможцы атрымаюць смартфоны Apple.