Самы вялікі нацыянальны сцяг прынес 25 сакавіка ў Каложскі парк Валерый Юдзін. Цяпер гэта сямейная рэліквія гродзенца, а да 1995 года сцяг вісеў на будынку аблвыканкама.

Пасля рэферэндуму 1995 года бел-чырвона-белыя сцягі ўсюды здымалі, замяняючы чырвона-зялёнымі. Гэты сцяг удалося захаваць у прыватнай уласнасці дзякуючы канферэнцыі, што адбывалася ў драмтэатры.

«Гэты сцяг — адзін з тых, якія віселі на аблвыканкаме з 1992 па 1995 гады, — распавядае Валер. — Пасля рэферэндуму дзесьці іх хутка здымалі, а дзесьці не паспявалі, бо не было новых. Сцяг з аблвыканкама апынуўся на флагштоку каля драмтэатра, а там акурат нейкая канферэнцыя была. Увечары, калі нікога не было, мае сябры знялі з флагштока беларускі сцяг і перадалі мне. Здымалі, бо ведалі, што пасля канферэнцыі ён знікне, як і іншыя».

«Гісторыя і сямейная рэліквія". Гродзенец захоўвае сцяг, які знялі з аблвыканкама ў 1995 годзе
Валерый Юдзін
Апошнія 23 гады нацыянальны сцяг захоўваецца ў Валерыя.

«Гэты сцяг для мяне — не толькі гісторыя, але ўжо і сямейная рэліквія. Гэта ўвогуле наша жыццё, я ніколі не ўспрымаў чырвона-зялёны сцяг як беларускі. Калі я кудысьці выязджаю або падарожнічаю, то заўсёды з гэтым нацыянальным сцягам. Ён патрапаны ўжо, але я спадзяюся, што прыйдзе час і ён зноў будзе ўзвышацца над цэнтрам горада. Можа, не менавіта гэты, але галоўнае, што наш гістарычны бел-чырвона-белы сцяг».

«Гісторыя і сямейная рэліквія". Гродзенец захоўвае сцяг, які знялі з аблвыканкама ў 1995 годзе