Дазволенае гарадскімі ўладамі свята з нагоды 100 гадоў БНР павінна прайсці 25 сакавіка ў Каложскім парку. Але напярэдадні некаторыя навучальныя ўстановы забараняюць сваім навучэнцам з’яўляцца ў гэтым месцы ў дзень мерапрыемства.

Чытачы Hrodna.life паведамлялі аб незапланаваным праглядзе фільма ў Гродзенскім прафесійным тэхналагічным каледжы ў нядзелю 25 сакавіка.

Незадаволенасць у гродзенцаў выклікала рассылка для настаўнікаў у школе № 26, у прыватнасці ад Вольгі Пагрэбневай.

Навучальныя ўстановы "адзначыліся" напярэдадні святкавання 100 гадоў БНР у Гродне

Свае дзеянні Вольга пракаментавала так: «Калі дзеці ідуць туды з сем’ямі, за іх адказваюць бацькі. А калі непаўналетнія ідуць адны — за іх адказвае школа! Парадокс, але так ёсць».

Чарговую рассылку нам даслалі з універсітэта імя Янкі Купалы. Там вызначылася выкладчыца Вольга Зубрык. Нашых чытачоў уразілі яе словы: «Не станьте пушечным мясом и чьей-то мишенью». Што мела на ўвазе Вольга, даведацца не ўдалося. Можа, яна нешта ведае? Сваю рассылку прадстаўнік універсітэта ніяк не пракаментавала.

Навучальныя ўстановы "адзначыліся" напярэдадні святкавання 100 гадоў БНР у Гродне
Арганізатары свята з нагоды 100 гадоў БНР у Гродне рэагаваць на такое дзеянне навучальных устаноў ніяк не сталі. Яны адзначылі, што такія ўкіды на само мерапрыемства ў горадзе не паўплываюць.

Мерапрыемствы ў дзяржустановах адмяняюць

Акрамя гэтага ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі не адкрылася запланаваная выстава з нагоды 100 гадоў БНР. Ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы адкрыты круглы стол стаў закрытым: толькі для абраных выкладчыкаў і зусім без студэнтаў.

Таксама нашы чытачы паведамляюць, што адменена запланаванае мерапрыемства, прысвечанае БНР, у Навагрудскім краязнаўчым музеі. «Навагрудак стаў бадай адзіным горадам, дзе на 25 сакавіка ўсё адмянілі па ініцыятыве зверху. Мела быць невялікая лекцыя, потым літаратурныя чытанні, музыка і г. д., але 23 сакавіка ўдзельнікаў паінфармавалі, што мерапрыемства забаранілі, а замест яго будуць паказваць фільм «Навагрудак у 1931 годзе», — напісалі нам нашыя чытачы.