Сусветна вядомы джазмэн з Польшчы Лешэк Можджар выступіў у Гродзенскім музычным каледжы разам з піяністам Кірылам Кедуком у суботу, 20 студзеня. Артысты здзівілі не толькі музыкай.
Бацька паходзіць з Гродна
Зорка джазу Лешэк Можджар упершыню наведаў Гродна. Адсюль паходзіць яго бацька. Тут жыве яго 90-гадовая цётка, траюрадны брат і іншая радня.
З Кірылам Лешэк пазнаёміўся праз чалавека, які перавозіць піяніны для абодвух музыкантаў. Нарадзілася ідэя выступіць разам спачатку ў Мінску (канцэрт адбыўся летась на 25-годдзе дыпламатычных беларуска-польскіх адносін), а потым у Гродне.
«Перастаньце размаўляць, калі ласка»
Музыкам акампанаваў Мінскі моладзевы камерны аркестр, які распачаў канцэрт арыяй Баха.
Кірыл Кедук зайграў канцэрт № 1 для фартэпіяна з аркестрам Фрыдэрыка Шапэна. Падчас ігры піяніст раптам спыніўся, зняў рукі з клавіятуры, павярнуўся да слухачоў і, звяртаючыя ў пэўную кропку, прамовіў: «Перастаньце размаўляць, калі ласка». Тады працягнуў партыю.
Пасля канцэрта Кірыл патлумачыў, чаму так зрабіў:
— У Гродна заўсёды вельмі прыемна, але стрэсава. Публіка цудоўная. Здаецца, бывае вельмі зацікаўленая тым, што адбываецца на сцэне. Прабачце, што я зрабіў заўвагу. Але сапраўды, гэта вельмі перашкаджае. Калі ўся зала і музыкі на сцэне сплываюцца ў адну творчую раку, тады можна рабіць музыку. А калі нават адзін чалавек у зале не зацікаўлены ці мае больш важныя справы ў дадзены момант, гэта не дае ў 100% пайсці ў кірунку сапраўднай музыкі.
Кірыл прызнаўся, што Лешэк Можджар моцна паўплываў на яго як чалавек і як прафесіянал:
— Мае думкі аб музыцы змяніліся пасля камунікацыі з ім.
Папрасіў дазвол на рускую мову
Лешэк выйшаў на сцэну ў строгім касцюме з гальштукам, але з босымі нагамі.
Як ён пазней расказаў, басанож адчувае сябе лепей, бо мае лепшы кантроль над інстурментам, большы кантакт з зямлёй. «Таму мне лягчэй функцыянаваць у маім фізічыным целе».
Ён папрасіў дазволу гаварыць са сцэны па-руску, бо кепска ведае беларускую мову. Лешэк Можджар граў свае ўласныя кампазіцыі. Музыкант расказаў, што ў іх было ўсяго дзве рэпетыцыі. Таму ў працэсе ён час ад часу паказваў аркестру, калі ўступаць або што рабіць.
Спрабаваў злавіць апладысменты слухачоў і зайграць новы твор у іх рытме. Ад яго жэстаў і ўсмешкі пачыналі ўсміхацца і астатнія ўдзельнікі канцэрта.
Можджар разам з Кедуком выканаў варыяцыі на тэму Паганіні для двух фартэпіяна ў шматлікіх апрацоўках. На заканчэнне дуэт падрыхтаваў сюрпрыз і зайграў варыяцыі на беларускую песню «Купалінка».
Можджар: «Люблю, калі кашляюць»
Лешэк адзначыў, што канцэрт у Гродне, дзе ён пазнаёміўся са сваімі роднымі, важны для яго з чалавечага пукнту гледжання:
— Здаецца, што трэба друкаваць вялікія білборды, аддаваць вялікія грошы, прывозіць дарагія фартэпіяна. Насамрэч, справа ў іншым. Важна, каб музыка была здольная ствараць сувязі і сапраўды дзейнічаць паміж нас. Сёння гэта здарылася.
Лешэк адзначыў, што ён вельмі добра адчувае сябе ў Гродне. На яго думку, з эмацыянальнага і энэргетычнага пункту гледжання канцэрт атрымаўся вельмі добрым:
— Гэта было сапраўднае музыцыраванне. Гэта былі мы сапраўдныя. Галоўная функцыя музыкі - яднаць людзей, ствараць магічны момант тут і цяпер, сёння была выкананая.
Лешэк прызнаўся, што любіць, калі слухачы кашляюць падчас канцэрту. Гэта значыць, што музыка дзейнічае і праз кашаль людзі ачышчаюцца:
— Музыка, як шлях пошуку прыгажосці, здольная ўзнесці чалавечую душу, прасвятліць яе, і тады цела пачынае ачышчацца натуральным чынам.
Лешэк адзнаыў, што для яго няма розніцы, перад якой публікай і ў якім горадзе граць.
— Мне падаецца, пэўныя параметры чалавечай асобы агульныя для ўсіх людзей. Музыка гэта арганізацыя вібруючага паветра. Яна ўваходзіць у духоўную сферу. А ў сферы духа мы ўсе вельмі падобныя.
Канцэрт быў арганізаваны з дапамогай Генеральнага польскага консульства ў Гродне, Польскага інстытута ў Мінску і спонсараў.
Ён сабраў поўную залу.