Дэпутат Мечыслаў Башко звярнуўся ў Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва (МІБ) з просьбай наладзіць чарговае чыгуначнае спалучэнне з Гродна. Міністэрства не кажа «не», піша rynek-kolejowy.pl.

Дэпутат заклікае МІБ дафінансаваць спалучэнне PKP Intercity, якое злучыла б Гродна і Шчэцін праз Варшаву і Познань. Зараз у Гродна можна даехаць цягніком TLK Hańcza, які курсуе з Кракава.

Hańcza ў Гродна застаецца, ёсць шанец на другі цягнік

Прадстаўнік міністэрства намеснік дзяржсакратара ў МІБ Анджэй Біттэль пацвярджае, што міністэрства мае намер падтрымліваць сувязь з Гродна:

— Міністр прыняў рашэнне пра датаванне цягніка да Гродна са сродкаў дзяржаўнага бюджэта, маючы на ўвазе яго істотнае сацыяльнае значэнне, у прыватнасці, у забеспячэнні палякам, якія жывуць на памежных тэрыторыях Беларусі, трывалага кантакту з Польшчай.

Анджэй Біттэль дадаў, што Intercity думае пра чарговы цягнік у Беларусь:

— Прымаючы пад увагу просьбу беларускай чыгункі і Таварыства «Kolejowe Podlasie», кампанія PKP Intercity SA звярнулася да арганізатара міжнародных перавозак з прапановай дафінансаваць у межах гадавой дамовы на 2018 год другой пары цягнікоў да Гродна. Размова ідзе пра прадаўжэнне цягніка TLK «Podlasiak», які курсуе на шляху Шчэцін-Сувалкі-Шчэцін праз Познань і Варшаву, а ў летні сезон цягніка TLK «Latarnik», які выходзіць са Свінаўсця. Група вагонаў да Гродна далучалася б і адчаплялася б у Беластоку, то бок на такіх жа умовах, як у выпадку з цягніком TLK «Hańcza».

[irp posts="42 970″ name="З Гродна могуць пусціць бесперасадачны цягнік да польскага Шчэціна"]

Патрэбныя дадатковыя грошы

— Усё, што скіравана на пашырэнне міжнародных прапановаў [у транспарце — рэд.], патрабуе большых кампенсацый для перавозчыка. Таму гэтае пытанне трэба дэталёва абмеркаваць з PKP Intercity, у тым ліку адносна разліковага дэфіцыту, які пацягне дадатковая пара цягнікоў да Гродна.

Па словах Анджэя Біттэля, зараз нельга дакладна сказаць, што дадатковы цягнік адназначна запусцяць, як і невядомая крыніца яго фінансавання.