У 2025 годзе праз чыгуначны пункт пропуску «Гродна — Кузніца Беластоцкая» праехала 695 грузавых цягнікоў. Гэта на 42% менш, чым годам раней, калі мяжу тут перасеклі 1203 саставы. Найбольшае скарачэнне грузавога руху на беларуска-польскай мяжы адбылося менавіта на гродзенскім напрамку, паведамляе польскае профільнае выданне Rynek Kolejowy.
Выданне прыводзіць звесткі прэс-службы кампаніі PKP Polskie Linie Kolejowe, якая кіруе чыгуначнай інфраструктурай у Польшчы.
Па еўрапейскай каляіне праехала толькі 16 цягнікоў
На пераходзе паміж Кузніцай Беластоцкай і Гроднам выкарыстоўваюцца пуці двух стандартаў: еўрапейская каляіна шырынёй 1435 мм і шырокая каляіна шырынёй 1520 мм, якая выкарыстоўваецца ў Беларусі.
У 2024 годзе па еўрапейскай каляіне мяжу перасеклі 62 грузавыя цягнікі, а ў 2025 годзе — толькі 16. Такім чынам, іх колькасць скарацілася на 74%.
Па шырокай каляіне ў 2024 годзе прайшоў 1141 састаў, а ў 2025 годзе — 679. Скарачэнне склала больш за 40%.
Грузавы рух скараціўся на ўсёй мяжы
Менш грузавых цягнікоў стала і на двух іншых дзейных чыгуначных пераходах паміж Беларуссю і Польшчай.
Паміж Свіслаччу і Семяноўкай у 2024 годзе прайшлі 2060 саставаў па абедзвюх каляінах, а ў 2025 годзе — 1882. Праз пераход «Брэст — Цярэспаль» іх колькасць скарацілася з 10 699 да 8799.
Усяго ў 2024 годзе беларуска-польскую мяжу перасеклі 13 962 грузавыя цягнікі, а ў 2025 годзе — 11 389. Агульнае скарачэнне склала больш за 18%. Сярэдняя колькасць цягнікоў за суткі зменшылася з 38 да 31 — на сем саставаў.
Тэндэнцыя да скарачэння грузавога руху захоўваецца пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Rynek Kolejowy звязвае яе з санкцыямі Еўрасаюза і расійскімі абмежаваннямі ў адказ.
Пасажырскі чыгуначны рух паміж Беларуссю і Польшчай застаецца прыпыненым з 2020 года.



