У Гомелі ў аўторак 5 снежня адбыўся першы фінальны матч Кубка Салея паміж “Гомелем” і “Нёманам”. Сустрэча скончылася баявой нічыёй 2:2. Такiм чынам лёс трафея другога па значнасці хакейнага турніру ў Беларусі будзе вырашаны ў другiм фінальным матчы ў Гродне.
Матч у Гомелі атрымаўся цікавым, з багаццем барацьбы і мноствам кідкоў. І выніковы лік на табло – найлепшы вынік для абедзвюх каманд, які мог быць у матчы.
У першым перыядзе гаспадары выйшлі агрэсіўней і выніковей, што і адбілася на лiку. Адзіную шайбу ў гэтай дваццаціхвілiнцы пасля выдалення Пасюта забіў на 7-й хвіліне гулец “Гомеля” Саламонаў.
З пачаткам другой дваццаціхвілінкі “Гомель” працягвае гуляць у актыўны хакей і падвойвае сваю перавагу на 23-й хвіліне пры дапамозе Волчака. Але нядоўга радаваліся гаспадары: гродзенцы праз 2 хвіліны здолелі хутка адыграць адну шайбу. Гульцы “Нёмана” вымусілi памыліцца гаспадароў і Рэмезаў скарыстаўся сваiм шанцам i адправіў шайбу ў вароты супернiка. А праз 15 секунд гродзенцы наогул выраўноўваюць лiк у матчы, дзякучы дакладнаму кiдку Кліменкі.
Трэці перыяд каманды правялі на роўных з мноствам небяспечных кідкоў, але вось вызначыцца больш нікому не ўдалося. У выніку суддзя зафіксаваў баявую нічыю.
“Гомель” – “Нёман” 2:2 (1:0, 1:2, 0:0)
галы:
06:59 1:0 – Саламонаў (Мусіенка, Дурноў)
22:05 2:0 – Волчак (Несцераў, Равенка)
24:20 2:1 – Рэмезаў (Ляўша)
24:35 2:2 – Кліменка (Багданоўскі, Жыдкіх)
Другi фiнальны матч, якi вырашыць лёс Кубка Салея, пройдзе ў Гродне 20 снежня.
Варта адзначыць, што «Гомель» з’яўляецца чатырохразовым уладальнікам Кубка Беларусі (Салея), “Нёман” двойчы станавіўся пераможцам другога па значнасці хакейнага турніру ў краіне.


