У Гродзенскім раёне пройдзе вялікі распродаж будынкаў, што не выкарыстоўваюцца. На аўкцыён выставяць былы птушнік за адну базавую велічыню. Кошт на дзве школы знізілі ў пяць разоў, піша «Перспектыва».
Школу ў Васілевічах ацанілі ў больш чым 34 тысячы рублёў, падобны аб’ект у Рыбніцы — прыкладна ў два разы даражэй. Аўкцыёны пройдуць у лістападзе — снежні. Калі жадаючых на гэтыя лоты не знойдуць, то цэннік апусцяць да адной базавай велічыні.
На аўкцыён 7 снежня у якасці аднаго з лотаў выставяць комплекс будынкаў у Шчорсах — фрагменты ансамбля былога палаца Храптовічаў. Пачатковы кошт — 50 859 рублёў.
Пад што скарысталі будынкі за адну базавую
За дзесяць гадоў за адну базавую сышлі адзінаццаць лотаў. Цяпер у «бункеры» ваеннага гарадка ў Александрава фермер захоўвае бульбу. У былой кацельні ў Каробчыцах робяць вонкавую рэкламу. Палову будынка былой школы ў Зарачанцы прадпрымальнік вырашыў уладкаваць пад гатэль.
Па словах начальніка аддзела эканомікі Гродзенскага райвыканкама Ганны Барысевіч, у гэтым годзе купілі толькі адзін аб’ект — былыя склады ААТ «Мебельстройконструкция». Пакупніку лот абыйшоўся ў 350 тысяч рублёў. Новы ўласнік — друкарня. Арганізацыя плануе на плошчах разгарнуць вытворчасць. Раней прадпрыемства тры гады арандавала гэтыя памяшканні.
— У мінулым годзе з аўкцыёну прадалі ўсе пятнаццаць аб’ектаў. Выручаная сума склала больш за 360 тысяч рублёў. У Гродзенскім раёне нямала ўдалых прыкладаў выкарыстання такіх будынкаў, — пракаментавала Ганна Барысевіч.
Тады будынкі, як правіла, сыходзілі па значна заніжаным кошце: у сярэднім 20−50% ад першапачатковага кошту. За адну базавую велічыню аддалі чатыры лоты.
[irp posts="40 520″ name=" Я гродзенец і інвестую ў cвой горад". На аўкцыёне прадалі чарговы будынак у цэнтры"]
Вялікія будынкі купляюць кепска
Слабыя таргі гэтага года звязваюць у тым ліку і з вялікай плошчай збудаванняў: усе яны маюць каля тысячы «квадратаў». Падобныя будынкі цікавыя сярэдняму і буйному бізнэсу. Аб’екты можна выкарыстоўваць пад вытворчасць і прадпрыемствы па аказанні паслуг.
Самымі хадавымі лічацца будынкі плошчай 100−150 квадратных метраў. Гэта, як правіла, лазні, былыя клубы і кацельні. Менавіта ў іх зацікаўлены малы бізнес.
Так, у былой школе ў Бакуны выпускаюць мачалкі і сеткі для гародніны. СТА адкрылі на тэрыторыі складоў ваеннага аграгарадка ў Аульс. У будынку былой бібліятэкі ў Скідзелі - цырульню. А склады ў горадзе абсталявалі пад швейны цэх. У будынку былога КПП у Гібулічах адкрылі краму. У былой школе ў Пушкарах сёння робяць абсталяванне для ачышчальных збудаванняў.
[irp posts="40 454″ name="На палац Чацвярцінскіх у цэнтры Гродна чарговы раз не было пакупнікоў"]