Будынак 1900 года на вуліцы Ажэшкі, 35а фонд «Гроднааблмаёмасць» спрабаваў прадаць з лістапада 2016 года. Толькі праз год, на сёмым па ліку аўкцыёне, яго прадалі па значна зніжанай цане.

Пачатковая цана нерухомасці складала каля 500 тысяч рублёў і з кожным новым аўкцыёнам падала. На аўкцыёне, які прайшоў 20 лістапада, аб’ект прадалі за 152 330 рублёў. Пачатковая цана ў гэты дзень складала 101 тысяча рублёў.

Пакупніком старой камяніцы агульнай плошчай 319,0 м² стаў гродзенскі бізнесовец Аляксандр. Яму трэба будзе рэканструяваць набыты будынак пад аб’ект грамадскага прызначэння на працягу года.

«На другім паверсе хачу зрабіць офісы для сваёй фірмы, а на першым, побач з „Кофе Саунд“ [выкупленае памяшканне — рэд.], магчыма што-небудзь адкрыецца, — распавядае Аляксандр. — Пакупка гэта для мяне ў першую чаргу ўкладанне грошай і новае месца для працы маіх супрацоўнікаў».

Ён раіць іншым бізнесменам не баяцца ўкладаць грошы ў будынкі ў Гродне. Самае складанае, паводле Аляксандра, гэта ісці першы раз такім шляхам.

«Гістарычныя аб’екты палохаюць наборам патрабаванняў пры рэканструкцыі, але трэба спрабаваць. Мне прыемна, што я гродзенец і інвестую ў cвой горад. Я лічу, гэта правільна».