Візіт Папы Рымскага Францішка ў Літву запланаваны на восень наступнага года. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар літоўскага прэзідэнта Дайва Ульбінайце. Па яе словах, у бліжэйшы час Ватыкан аб’явіць дакладную дату і статус візіту, паведамляе Delfi.

Візіт папы ў Літву будзе прымеркаваны да стагоддзя дзяржавы. Эстонскія СМІ на гэтым тыдні паведамлялі пра магчымы візіт пантыфіка ў Талін.

Дарэчы, гэта будзе ўжо другі візіт Папы Рымскага ў Літву. Папярэдні адбыўся ў верасні 1993 года, калі пантыфікам быў Ян Павел II, нагадвае Еўрарадыё.

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што хацеў бы бачыць Папу Рымскага на беларускай зямлі. Больш таго, ён прапаноўваў правесці ў Беларусі «гістарычную сустрэчу» пантыфіка і маскоўскага патрыярха. Ці не завітае восенню 2018-га Папа Францішак і ў Беларусь? Усё магчыма. Тым больш, што эстонскія СМІ паведамілі пра верагодны візіт Папы Рымскага ў Талін. А значыць, мэтай візіту з’яўляецца не адна толькі Літва. У кастрычніку 2017 года апостальскі нунцый архіепіскап Габар Пінтэр не выключаў, што ў «недалёкай будучыні» пантыфік наведае Беларусь.