Сёлета навагоднія святы ў Гродне абяцаюць быць ярчэйшымі і цікавейшымі, горад усё ж актыўна прымае бязвізавых турыстаў. Відаць, з гэтым разлікам абяцаюць больш агнёў, фотазонаў і розных забаваў. План святочных мерапрыемстваў апублікавала «Гродзенская праўда».

Елку запаляць ад «касмічнага» святла


Агні на навагодніх елках Гродна запаляць падчас карнавальнага шэсця Дзедаў Марозаў і Снягурак, якое пройдзе 15 снежня. Першай заззяе елка на Савецкай плошчы, пасля цырымонія запальвання навагодняга дрэўца з удзелам старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя пройдзе на плошчы Леніна. Усё дзейства будзе нагадваць чароўную казку, абяцаюць арганізатары: агні на елках запаляць ад «касмічнага» святла, якое нібыта даставяць з сузор’я Сабаку.

Такі паварот у сцэнары свята не выпадковы. Сімвалам новага года будзе Сабака. Гэты факт вырашылі абыграць арганізатары карнавальнага шэсця: галоўны Дзед Мароз з’явіцца на сабачай запрэжцы.

[irp posts="40 474″ name="У Гродне пачалася падрыхтоўка да навагодніх святаў"]

Ледзь ці не бразільскі карнавал

Упершыню ў карнавальным шэсці возьмуць удзел пародзістыя сабакі - чэмпіёны абласнога кіналагічнага клуба «Сатурн», якія будуць апранутыя ў навагоднія касцюмы. Таксама ў калоне будуць роставыя лялькі.

Дзед Мароз на сабачай запрэжцы і трон на плошчы Леніна: чым будуць здзіўляць гараджан пад Новы год
Шэсце Дзедаў Марозаў у мінулым годзе. Фота Яна Лялевіча
Тэатральныя міні-паказы разгорнуцца на перасоўных платформах, якія разнастаяць калону. Музычнае суправаджэнне шэсця забяспечаць тры музычныя аўтамабілі.
У месцах святкавання будзе працаваць выязны гандаль, плануюць нават частаваць глінтвейнам.

Падчас шэсця Дзедаў Марозаў пройдзе дабрачынная акцыя «Дапаможам братам нашым меншым». Гараджане змогуць ахвяраваць на ўтрыманне беспрытульных сабак корм і грашовыя сродкі.

[irp posts="40 256″ name="У Гродне чарговага ўладальніка сабакі пакаралі за жорсткае абыходжанне"]

На плошчы Леніна з’явіцца трон

Навагодняя елка на плошчы Леніна «падрасце» на адзін метр — сёлета яна сягне 31,5 метраў. Усяго «Гарсвятло» ўсталюе па горадзе дзесяць елак. У адрозненне ад мінулага года не будзе святочнага дрэва па вуліцы Дзяржынскага. Там ідуць будаўнічыя працы, што робіць немагчымым мантаж елкі.

Зараз прадпрыемства «Гарсвятло» ўпрыгожвае горад святочнай ілюмінацыяй.

Абяцаюць, што ў гэтым годзе на вуліцах горада будзе яшчэ ярчэй, з’явіцца больш арыгінальных скульптур, якія свецяцца. Да прыкладу, на плошчы Леніна з’явіцца трон Снежнай Каралевы, упрыгожаны сотнямі агнёў. Кожны ахвотны зможа сфатаграфавацца, седзячы на ​​ім.

Фігуркі сабак з святла будуць упрыгожваць вуліцу Савецкую. У майстэрні «Гарсвятло» ўжо зроблена 12 такіх скульптур.

У парку імя Жылібера новымі фарбамі зазіхаціць вялікі фантан. Па перыметры ён будзе акружаны яркімі гірляндамі. Побач «вырасце» зіхатлівая кветка лотаці. Арыгінальныя касцюмы з агеньчыкаў «апрануць» самыя высокія дрэвы.

[irp posts="37 739″ name="У Гродне рыхтуюць святочную ілюмінацыю для вуліц горада"]

Ілюмінацыя на колавых развязках прырасце вялікімі зіхатлівымі шарамі дыяметрам у 700 міліметраў.

А што апоўначы?


Навагодняя праграма стартуе ў 01.00 каля елкі на плошчы Леніна. Па традыцыі галоўныя завадатары тут — Дзед Мароз і Снягурка. Яны будуць ствараць святочны настрой, фатаграфавацца з гасцямі, удзельнічаць у канцэртнай праграме. Са сцэны гледачоў будуць радаваць эстрадныя артысты. Арганізатары плануюць здзівіць гараджан дог-шоу «Я і мой сабака».

У 02.00 неба над плошчай размалюе святочны феерверк. Светлавое шоў працягнецца запускам у неба дыёдных шароў, якія можна будзе набыць на месцы.

З 02.10 да 03.00 пройдзе дыскатэка, за пультам будуць лепшыя дыджэі горада. А ў 03.00 на сцэне выступіць запрошаная зорка. Арганізатары яшчэ думаюць, каго з беларускіх эстрадных артыстаў запрасіць. Прынамсі, плануецца гадзінны канцэрт.

На наступны дзень свята на плошчы Леніна працягнецца ў 15.00. Праграму рыхтуе Ленінскі раён. Таксама будзе забаўляльная праграма ў мікрараёне Дзевятоўка. У Кастрычніцкім раёне таксама плануюцца дзве святочныя пляцоўкі.

Дзед Мароз будзе катаць на Rolls -Royce


Навагоднія кірмашы разгорнуцца ў раёне гандлёвага цэнтра OldCity.

Гандлёвыя шэрагі размесцяцца на пляцоўцы, дзе раней была ледзяная горка. Гандлёвы цэнтр распрацаваў для кірмашу стылізаваныя працоўныя месцы ў выглядзе хатак. Ужо гатовыя іх макеты, яны знаходзяцца на ўзгадненні.

Каля 45 пляцовак для заняткаў зімовымі відамі спорту і зімовых забаў будзе працаваць у абласным цэнтры.

У першую чаргу ўсе чакаюць адкрыцця каткоў. Арганізатары гатовыя абсталяваць ледзяныя пляцоўкі, але шмат што будзе залежаць ад надвор’я.


Па цэнтральных вуліцах горада будзе курсіраваць Rolls -Royce з Дзедам Марозам за рулём.

Святочны аўтамабіль запросіць ў якасці пасажыраў дзетак, іх бацькоў і іншых людзей, якія вераць у казку і навагоднія цуды. Пасажыры Дзеда Мароза атрымаюць салодкія падарункі. Святочны маршрут арганізуе парк атракцыёнаў.

Дзед Мароз на сабачай запрэжцы і трон на плошчы Леніна: чым будуць здзіўляць гараджан пад Новы год

На час навагодніх святаў атракцыёны будуць працаваць не толькі ў парку імя Жылібера, але і на плошчы Леніна. Тут каля знака «нулявы кіламетр» будуць курсіраваць паравозік і электрамабілі. Любы жадаючы зможа пагуляць у аэрахакей. Вясёлую гульнявую пляцоўку з фотазоной і атракцыёнамі арганізуе таксама Гродзенскі звярынец.

Многія задумкі па святкаванні Новага года арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.