Гульня ў беларускай хакейнай лізе дае магчымасць змагацца на высокім узроўні з дасведчанымі гульцамі, лічыць паляк Гжэгаж Пасют, які другі сезон выступае ў гродзенскім «Нёмане». Яго словы цытуе interia.pl паводле агенцтва PAP.
«Хакей у Беларусі - нацыянальны спорт. Арганізацыя лігі і турніраў на зусім іншым узроўні. Ці на найвышэйшым — цяжка сказаць. Але дакладна тут імкнуцца, каб ні ў чым не было недахопу», — сказаў Пасют.
Беларуская ліга адрозніваецца ад польскай
«Яна тыпова руская. Кожная каманда грае амаль у такім жа стылі. Няма замежных трэнераў, хіба што расіяне. У Польшчы стылі гульні змешаныя. Каманды, якімі кіруюць канадзец ці чэх, будуць гуляць па-рознаму.
Польскі хакей таксама больш індывідуальны. У Беларусі ўсё закручана вакол тактыкі, вакол выконвання таго, што перад матчам трэнер намаляваў на дошцы. У Польшчы на лёдзе больш крэатыву, і гульня менш сілавая".
Пасют — адзін з двух легіянераў у «Нёмане»
«У мінулым сезоне гуляў фін, раней латышы. Цяпер я і расіянін. Ці гэта для мяне праблема? Не. Я ведаў, на што іду. Ведаў, што еду ў чужую краіну, не вельмі адкрытую на заходні рынак. Канешне, калі б у клубе быў яшчэ паляк, мне было б весялей»
Палякам варта гуляць у Беларусі
«Залежыць, пра які клуб гаворым. Ёсць клубы багацейшыя і бяднейшыя, лепш і горш арганізаваныя. Але раю тут пайграць, бо гэта дае магчымасць праверыць сябе на іншым узроўні, з гульцамі, якія часта прыходзяць з КХЛ і маюць багаты досвед»