Аматарская хакейная каманда «Гусары» з Беластока прыязджала ў Гродна на першыя красавіцкія выходныя. За некалькі дзён госці сустрэліся з мясцовым «Авангардам» і пабывалі на трэцім матчы фінальнай серыі паміж «Нёманам» і «Юнацтвам». Эмоцыямі ад паездкі ў Гродна гульцы падзяліліся з Hrodna.life.

Каманда «Гусары» прыехала ў Гродна ўпершыню. У Беластоку няма прафесійнага хакея, таму гасцям з Польшчы хацелася пазнаёміцца ​​з арганізацыяй гульні ў суседнім беларускім горадзе.

[the_ad id="112 956"]

У першы дзень «Гусары» сустрэліся з аматарскай камандай «Авангард». Гродзенцы выставілі два склады. Першы матч скончыўся з лікам 6:5, перамога засталася за гаспадарамі. У другім матчы ўжо палякі разграмілі іншы склад «Авангарада» з лікам 10:1. Пасля гульні госці адпачывалі ў начным клубе «База».

«Мы ўпершыню ў Гродне, скарысталіся бязьвізавым рэжымам. Уражаныя гэтым горадам, — распавядаюць хакеісты. — У суботу гулялі з мясцовым „Авангардам“, добры супернік. Бачна, што аматарскі хакей у Гродне на высокім узроўні. У нас у Беластоку хакей толькі на такім узроўні. Ёсць арэна на 700 месцаў, але яна не прыстасаваная нават для хакея, больш для шорт-трэка. Усе нашы гульцы працуюць у розных фірмах і прадпрыемствах, а позна ўвечары збіраемся на трэніроўкі. У нас у горадзе няма прафесійнай каманды, для гэтага патрэбныя грошы і добры трэнер, так што пакуль мы аматары».

«Сюды можна ездзіць за сапраўдным хакейным відовішчам». Госці з Беластока дзеляцца эмоцыямі ад матчу ў Гродне
У другі дзень госці з Польшчы наведалі трэці фінальны матч паміж «Нёманам» і «Юнацтвам». У гэтай сустрэчы перамога засталася за мінчанамі — 2:1.

«У Гродне на хакеі добрая арганізацыя. Атмасфера прыемная, відаць што тут людзі жывуць гэтай гульнёй. „Нёман“ і „Юнацтва“ паказваюць добры хакей для фіналу. Мы ж падтрымліваем сваіх суседзяў. Агулам уражанні ад паездкі ў Гродна толькі станоўчыя: сюды можна ездзіць за сапраўдным хакейным відовішчам. У нас нават у польскай экстракласе няма такога, што паказваюць у Гродне», — дадалі хакеісты.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life