Дадаць навіну
Чацвер, 23 лістапада 2017, 09:55

Летнія танцы працягнуцца восенню. Пад Гродна пройдзе першая ноч танцаў

“Танцы гродзенскіх дворыкаў” цягам лета вучылі гараджан і турыстаў скакаць пабытовыя беларускія танцы. Зараз шмат хто з наведвальнікаў дворыка на Савецкай можа з веданнем справы станчыць і кракавяк, і польку “з каблучком”. Каб танцоры не заседжваліся па восені, музыкі з дворыка вырашылі сабраць аматараў пабытовых танцаў на цэлую ноч у адной з сядзібаў бліз Гродна. У госці чакаюць музыкаў і танцораў з Беларусі і замежжа.

Ад вечара да ранку – пад жывы гук

“Простая вулічная забава”, з якой пачаліся танцы ў дворыках, проста на вачах ператварылася ў значны сацыяльны праект, мяркуе Андрэй Бароўскі, гарманіст капэлі дворыка.

Улічваючы, што турысты праяўлялі да танцаў пад гармонік і дуду вялікую цікавасць, запрасіць у бязвізавы Гродна на ноч танцаў вырашылі і замежных танцораў ды музыкаў.

“На нашу думку, сустрэча будзе вельмі цікавая і насычаная. Мы прапануем гасцям экскурсію-шпацыр па дворыках старога Гродна, правядзём майстар-класы для знаёмства з харэаграфічнымі традыцыямі Гродзеншчыны і памежных рэгіёнаў Польшчы і Літвы. Асноўнай і самай цікавай часткай сустрэчы будзе ноч традыцыйных танцаў.

Ад вечара да самага ранку без перапынку будуць граць запрошаныя капэлі. А ўсе жадаючыя змогуць далучыцца і атрымаць задавальненне ад танцаў пад жывы гук”.

Шанец “выйсці ў народ” паасобку ці сям’ёй

“Жывая музыка для танцаў мае несумнеўную каштоўнасць, – мяркуе дудар Аляксандр Жура. – для музыкаў і танцораў гэта шанец “выйсці ў народ” і паказаць, як арганічна ўпісваюцца традыцыйныя народныя танцы ў сучасную прастору горада, як не хапае ў эпоху электроннага трансу тых чалавечых стасункаў і эмоцый, якія суправаджаюць народныя танцы”.

“Прыходзілі на танцы ўсёй сям’ёй, – узгадвае лета бубнач Андрэй Шыдла. – Вельмі прыемна, што нашыя дзеці падрастаюць у асяродку традыцыйнай культуры. Старэйшая дачушка Надзейка ўжо вывучыла некалькі танцаў і з прыемнасцю іх успамінае. Малодшая Аленка нават просіцца часам зайсці ў “наш дворык”. Для нас, бацькоў, гэта выдатная магчымасць забыць пра будзённыя клопаты, весела патанцаваць і знайсці новых цікавых сяброў”.

Іграць і танцаваць, што ёсць сілы

Музычна-танцавальны рух развіваецца зараз у розных краінах, прычым пераважна – у вялікіх гарадах. Не дзіва, што і Гродна далучыўся да гэтай плыні.

“Маем намер і надалей іграць і ў цёплы сезон у дворыках, і пры любой магчымасці, незалежна ад часу года, пакуль стане сілаў, – прызнаецца Аляксандр Жура. – Да тае пары, пакуль нашы танцы не стануць неад’емнай часткай гарадской рэчаіснасці і адметнасцю, па якую да нас будуць прыязджаць з іншых краін і гарадоў”.

Адбудзецца першая гродзенская ноч танцаў 11-12 лістапада ў сядзібе “Райскі куток”, гаспадар якой ласкава пагадзіўся прадставіць танцорам і музыкам сваю залу.

Інфармацыя аб імпрэзе будзе абнаўляцца ў суполцы.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

0

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: