У выставачнай зале на Ажэшкі 3 кастрычніка адкрылася фотавыстава “Аўгустоўскі канал”. Аўтары выстаўленых работ – удзельнікі VI міжнароднага фотапленэру “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў – беларусаў, палякаў і літоўцаў”, які прайшоў на шлюзе Дамброўка ў канцы лета 2017 года.

Працаваць на пленэр былі запрошаны 10 фатографаў – пяць членаў Беластоцкага фатаграфічнага таварыства і пяць прадстаўнікоў фотаклуба “Гродна”. Усяго на выніковай фотавыставе прадстаўлена каля 150 фатаграфій.

Папярэднія пяць міжнародных пленэраў адбыліся ажно ў канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Першы – “Возера Свіцязь” – у 1995 годзе, далей былі “Гродзенская паштоўка” ў 1997 годзе, “Аўгустоўскі канал” у 1998 годзе, “Гродна на мяжы тысячагоддзяў” у 1999 годзе і “Беларускі шлях Яна Булгака” ў 2001 годзе. Выніковыя выставы паказвалі ў Беларусі і за мяжой. Таксама ў замежжа мае адправіцца і сёлетняя экспазіцыя.