«Кава з вяршкамі», «Нечаканая радасць», «Святло далёкай зоркі» і яшчэ каля дзвюх соцен сартоў гладыёлусаў можна пабачыць у Гродне 14−15 жніўня на выставе ў бібліятэцы імя Макаёнка. Прадстаўляе сваю калекцыю кветак сям’я Квяткоўскіх з вёскі Макараўцы Берастовіцкага раёна. Пра тое, як любоў да кветак перарасла ў справу жыцця, Hrodna.life расказала Аля Квяткоўская

«Палюбіла, як нельга любіць»

Першыя гладыёлусы ў Квяткоўскіх з’явіліся 25 гадоў таму. Неяк на рынку Ала ўбачыла дзядка, хто прадаваў маленькія цыбулінкі гладыёлусаў -дзеткі. «Ён паглядзеў на мяне так, і кажа: „Вазьмі, дочка, не пашкадуеш“. Я прывыкла людзям верыць, нас так бацькі вучылі. Купіла і пасадзіла тыя кветкі».

Як кажа Ала — яны аказаліся незвычайна прыгожымі. Зусім не такімі, як раслі ў суседзяў, ці можна было купіць у краме. Ад той пары і пачалася яе любоў да гэтых кветак. «Палюбіла іх так, як, напэўна, і нельга любіць.»

Выстава гладыёлусаў, якіх немагчыма не палюбіць, праходзіць у Гродне

«Гэту кветку абавязкова трэба адраджаць»

Зараз у калекцыі сям'і Квяткоўскіх 370 сартоў гладыёлусаў. Сёлета яны высадзілі цэлую «плантацыю» каралеўскіх кветак — 30 тысяч цыбулінак. «Праз гарачыню зацвілі адразу 5000 кветак, — расказвае Ала. — Прыйшлося многія з іх адразу зрэзваць». Таму кветак у Макараўцах хапае на ўсіх. Іх аддаюць на ўпрыгожванне мясцовага касцёла, у дзіцячы дом, раздаюць аднавяскоўцам — хоць на свята пайсці, хоць на могілкі паставіць.

Па словах Алы, хочацца падзяліцца любоўю да гэтых кветак з усімі, а самае галоўнае — адрадзіць гладыёлусы. Дзеля гэтага, калі кветкі адцвітаюць, уся сям’я яшчэ амаль месяц займацца апрацоўкай пасадачнага матэрыяла, маленькіх цыбулінак-дзетак.

Праз тое, што гэта справа цяжкая і прыходзіцца доўга сядзець, Ала знайшла сабе яшчэ адно хобі - асвоіла скандынаўскую хаду. І нават сабрала ў вёсцы групку такіх самых аматараў. «У нас тут і сталыя ёсць, і маладзейшыя. Выходзім па вечарах на шпацыры з кійкамі».

Аматараў робіцца ўсё больш

Выставы сваіх кветак Квяткоўскія ладзяць ужо пяць гадоў. Іх гладыёлусы бачылі на Гродзеншчыне і за яе межамі - у Мінску, Магілёве і Віцебску. Наведвальнікаў на выставах з кожным годам робіцца ўсё больш.

«Хочацца зрабіць усё, каб гэту кветку палюбілі, — кажа Ала. — Кожны новы сорт — гэта здзіўленне. І нават калі зацвітае знаёмая кветка, гэта таксама дзіва».

Сама яна сцвярджае, што кожны са сваіх гладыёлусаў пазнае нават у цемры, навобмацкі. Толькі белых гладыёлусаў у яе 30 сартоў, але кожны з іх — асаблівы.

Кветкі для гаспадыні кветак

Адзіная хіба праблема з кветкамі ў сям'і - невядома, якімі з іх парадаваць Алу. «У нас столькі кветак увесь час, што гэта складана, — прызнаецца Ала. — Раней, канечне, муж дарыў і гваздзікі, і ружы. А зараз… Ён ведае, што я люблю палявыя кветкі - валошкі, рамонкі, макі. Неяк ехалі праз поле, ён пабачыў валошкі, спыніў машыну і пабег іх нарваць. Было вельмі прыемна».

Выстава гладыёлусаў, якіх немагчыма не палюбіць, праходзіць у Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life