Танцорка прадставіла ў Гродне фотавыставу “палётаў без фоташопу”

Гродзенскі «DanceWeekend» завяршыўся 28 студзеня выставай  фотапраекта «Працэс» танцоркі і фатографкі Волі Рабецкай з Мінска. Аматары танцаў і фота маглі знайсці абодва віды мастацтва адначасова ў чорнай зале  “Дома 46”. Асалоды імпрэзе дадалі дэгустацыя мёду і дыджэйская музыка.

Танцорка прадставіла ў Гродне фотавыставу “палётаў без фоташопу”
Госці выставы “Працэс” у чорнай зале “Дома 46”

“Ідэя танцавальнага фотапраекта прыйшла спантанна. Здымаючы калег, заўважыла ігру перспектывы, зацікавілася спалучэннем цялеснай формы, адлегласці і ракурсу”,  – распавяла Вольга. У выніку “вясёлай сумеснай працы” з’явіўся шэраг здымкаў “Працэсу”.

Танцорка прадставіла ў Гродне фотавыставу “палётаў без фоташопу”
Вольга Рабецкая, аўтарка фотапраекта

Захапленне фотаздымкай стала следствам  захаплення танцамі. “Я сама танцорка і падчас здымак мы з рабятамі маглі размаўляць на адной мове. Было проста ставіць ім задачы, я ведала якую “якасць” цялесную і эмацыйную хачу ад іх атрымаць. Проста шпагат ці “доўгая” ножка  – гэта цікава для фатографаў не-танцораў. Мне хацелася ісці далей і глыбей за тыповую форму”.

Героі фотасэта, Вольга Лабоўкіна і Саша Філіпаў магічным чынам “лётаюць” у кадрах, нібы ў бязважкасці. Але ні чараў, ні нават фоташопу на здымках, сцвярджае аўтарка, няма. Проста з другога боку аб’ектыва звыклыя рэчы выглядаюць зусім па-новаму.

“Гэта тонкая і невідавочная праца. Якраз тое, што стварае працэс. А для мяне ў фатаграфіі працэс важнейшы за ўсё – гэта чыстая радасць. Я рэдка думаю пра вынік. Знойдзе ён прымяненне, то добра. А калі не, то дастаткова задавальнення ад працэсу”.

Канчаткова вызначацца з выбарам паміж танцам і фота Вольга не плануе. Зразумела, што адначасова адно з другім не бывае. Але знайсць баланс усё ж магчыма.

“Ёсць перыяды, калі ў жыцці больш танцавальнай работы. Тады адчуваю, што нічога не маю дадаць праз фота. Проста супакойваюся і танцую. Потым ізноў адчуваю хвалю, пад’ём – ізноў хочацца здымаць. Тут няма планаў і абавязкаў. Гэта ідзе ад сэрца”.

Падарункам ад гаспадароў “Дома 46” стаў танцавальны нумар у стылі “старога добрага джазу” ў выкананні гродзенскіх танцорак.

Салодкія ўспаміны пакінула дэгустацыя новых смакаў мёду ад кампаніі “Мядовы шлях”. У якасці дадаткаў да мёду выкарыстоўваліся як мясцовыя маліна і чарніцы, так і экзатычныя куркума і зялёны чай.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: