Гродзенскія хакеісты ў чацвер 21 верасня правялі ў Магілёве чарговы тур чэмпіянату Беларусі і абыгралі там аднайменны клуб з лікам 8:3.
«Магілёў» трымаў інтрыгу ў матчы да трэцяга перыяду. Але ў апошняй дваццаціхвілінцы гродзенцы здолелі на майстэрстве даціснуць суперніка і давесці лік да разгрому.
«Магілёў» — «Нёман» 3:8 (1:1, 1:2, 1:5)
Галы:
02:08 1:0 — Бадалян (Вусiк, Iдзiятуллiн)
19:32 1:1 — Рэмезаў
26:31 2:1 — Вусiк (Кобус, Коташэнка, — бол.)
27:26 2:2 — Пасют (Стэфановіч, — мен.)
33:29 2:3 — Рэмезаў (Кліменка, Стэфановіч)
40.43 2:4 — Пасют (Хараманда, Кіслы, — мен.)
45:09 2:5 — Стэфановіч (Хараманда, Ляўша)
50:35 3:5 — Яравой
55:43 3:6 — Савінаў (Кліменка, Пасют)
56:04 3:7 — Кліменка (Багданоўскі, Савінаў)
58:04 3:8 — Бадун (С.Маляўка, — бол.)
Галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў застаўся задаволены вынікам гульні, але яго турбуе мноства прапушчаных галоў у апошні час.
«Гульня, у эмацыйным плане, была трошкі складанай для нас пасля паўфінальнага матчу з „Юнацтвам“. Малайцы гаспадары, што з першай і да апошняй хвіліны стараліся супрацьстаяць нам. Біліся, рабілі ўсё, што маглі. Але ў выніку тыя моманты, якія мы стваралі, пачалі рэалізоўваць. Вынік прапушчаных намі галоў - грубыя памылкі ў абароне. Я ўжо казаў раней пра гэта, што сталі шмат прапускаць. Стараемся надаваць гэтаму больш увагі на трэніроўках, але пакуль не атрымліваецца. Усё гэта прыводзіць да такіх вось галоў. А так, у прынцыпе, вынікам задаволены і тым, што хлопцы давялі сённяшні матч да перамогі».
Пасля перамогі над «Магілёвам» дружына Сяргея Пушкова паднялася ў турнірнай табліцы на трэці радок і мае ў сваім актыве 13 ачкоў. На адзін бал больш толькі ў «Шахцёра» і «Юнацтва».
Наступны матч «Нёман» правядзе ў Брэсце 23 верасня, дзе сустрэнецца з мясцовай камандай.