Кіраўнік ансамбля «Нёман» Яўген Кіслы на адкрыцці выставы мясцовых фатографаў «Імгненні гродзенскай прыгажосці» 18 верасня прэзентаваў новую песню пра Гродна. Гэта падарунак гораду на 889-годдзе.

Словы і музыку напісаў да песні вядомы гродзенскі джазмэн Аляксандр Краўчук.

«У Аляксандра песня доўгі час ляжала. У адзін момант ён дазволіў мне яе выкарыстоўваць, — распавядае Яўген. — Раней яна нідзе не гучала. Упершыню я вырашыў яе выканаць напярэдадні Дня горада. Гэтая песня — своеасаблівы падарунак гораду на 889-годдзе».

Яўген плануе і далей выконваць песню пра Гродна на розных мерапрыемствах. Не выключана, што з ёй ён выступіць і на святкаваньні Дня горада 23 верасня.