Гурт Irdorath, які паўстаў у 2010 годзе на гродзенскіх вуліцах ды здабыў папулярнасць пасля пераезду ў Мінск, чарговы раз нагадаў пра сябе. Гэтым разам дзякуючы яркаму кліпу на песню Varazheya.

У сеціве кліп гурта з’явіўся 16 жніўня і за суткі набраў каля 8000 праглядаў.

«Ідэя кліпа нарадзілася год таму, але з-за шчыльнага графіку рэалізаваць задуманае атрымалася толькі праз год, — распавядае заснавальнік гурта Уладзімір. — За два тыдні мы знялі кліп на тэму беларускага фэнтазі. Тое, што мы робім менавіта беларускае фэнтазі, мы зразумелі пасля выхаду трэцяга альбому, у якім большасць песень на беларускай мове».

Гонар — паказваць Беларусь з пазіцыі фэнтазі

Уладзімір адзначае, што музыкам падабаецца трансляваць беларускае фэнтазі ў месцах, дзе яны выступаюць. Часцей за ўсё гэта адбываецца за мяжой.

«Нашай публіцы вельмі цікава даведацца, што такое Беларусь і хто такія беларусы. Для нас гэта гонар — паказваць ім загадкавую краіну зуброў, балот і лясоў».

Ідэя зайграць у Гродне жывая заўсёды

Уладзімір кажа, што Irdorath часта запрашаюць у Гродна, але з-за шчыльнага графіку і лагістыкі музыкі дагэтуль не змаглі сюды прыехаць.

«Мы з вялікім задавальненнем прыехалі б у Гродна з сольным канцэртам. Нам шлюць запрашэнні, але мы не сыходзімся па шэрагу прычын. А наогул, у мяне і Надзеі заўсёды жыве ідэя прыехаць у Гродна і зайграць проста на вуліцы. Мы вельмі хочам гэта паўтарыць. Як у нас будзе час, мы абавязкова гэта зробім», — дадаў Уладзімір.


Хоць гурт Irdorath зараз базіруецца ў Мінску, пачыналася ўсё менавіта ў Гродне. Тады Уладзімір і Надзея, цяпер муж і жонка, выступалі дуэтам на вуліцах горада ў час фестываляў. З часам склад пашыраўся, у 2011 годзе гурт пераехаў у сталiцу і запісаў там першы альбом. Сёння ў Irdorath сем чалавек, гурт запісаў тры альбомы. Гурт пастаянна гастралюе па Еўропе.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life