Гродзенец Аляксандр Аўгусцінчык набыў сабе незвычайны апарат — монакола — і штодня ездзіць на ім на працу. Што гэта такое і як на ім ездзіць, мужчына распавёў Hrodna.life.

Аляксандр год таму перабраўся з Гродна ў Маскву, дзе працуе менеджарам. Перад мужчынам стала пытанне: як дабірацца на працу? На машыне і метро доўга. Аднойчы гродзенец убачыў у знаёмага незвычайнае кола, якое той выкарыстоўваў штодня ў якасці транспарту.

«Паспрабаваў праехацца — спадабалася, — распавядае Аляксандр. — Прыйшоў дадому, пралічыў эканамічную мэтазгоднасць. Кола развівае хуткасць каля 30 км/г, праязджае да 40 км на адным зарадзе. Адна зарадка — менш кілавата, а на беларускія грошы гэта ўсяго 6 капеек. Я зразумеў, што гэта вельмі выгадна».

Аляксандр вучыўся кіраваць колам каля гадзіны. За першы тыдзень удалося праехаць каля 200 км. Першы час хлопец падаў, але зараз без праблем у любое надвор’е, акрамя зімы, дабіраецца на ім на працу.

40 км за 6 капеек. Гродзенец зрабіў монакола штодзённым транспартам
Монакола важыць 10−12 кг. У апараце ёсць адмысловая ручка для пераносу
Дзякуючы монаколу Аляксандр штодня ашчаджае 2−3 долары. На сваім апараце мужчына дабіраецца на працу хутчэй, чым на метро і машыне.

«Усяго мне трэба пераадолець 10 км — на гэта ў мяне сыходзіць 40 хвілін сярэдняга тэмпу. На метро я буду дабірацца 1,5 гадзіны, а на машыне 2.5. У Маскве такі транспарт мала ў каго ўбачыш, а для Гродна гэта наогул дзіва. Людзі іншы раз не разумеюць на чым гэта я еду. Кажуць: «Будучыня наступіла».

Сёння монакола можна купіць па цане да 1000 долараў. Асноўны вытворца — Кітай.

40 км за 6 капеек. Гродзенец зрабіў монакола штодзённым транспартам
Монакола можа развіваць хуткасць да 30 км/г