Каля Моладзевага цэнтра “Гродна” 19 верасня супрацоўнікі Рэмбудаўтадора пачалі ўстаноўку чарговых пліт у Алеі кіно.
Алея кіно з’явілася ў Гродне 17 верасня 2016 года з нагоды 888-годдзя горада. Тады былі ўсталяваныя дзве пліты. Праз год, на 889-годдзе, пачалася ўстаноўка чарговых пліт – іх мае быць сем. Агулам жа Алея мае складацца з 12 пліт.
Мэта стварэння Алеі – захаваць гістарычныя моманты горада, звязаныя з кінематографам. Першым сваю зорку славы атрымаў знакаміты савецкі фільм «Белыя Росы», здымкі якога праходзілі ў аднайменным раёне горада, якога ўжо няма.
Таксама будуць увекавечаны стужкі “Міколка-паравоз”, “Я родам з дзяцінства”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Бронзавая птушка”, “Ясь і Яніна”, “Раскіданае гняздо”, “Мяне клічуць Арлекіна”, “У жніўні 44-га”, “Сляды апосталаў” і іншыя.









