Усё менш напамінаў пра фільм «Белыя Росы» застаецца ў мікрараёне Дзевятоўка. У пачатку жніўня пад знос пайшлі рэшткі вёскі, дзе здымалі знакамітую камедыю. А ў апошнія выходныя лета пацярпеў і пакінуты ў напамін пра фільм калодзеж з драўлянай канстрыкцыяй.

Калодзеж яшчэ ў 2014 годзе вырашылі пакінуць камунальнікі як напамін пра здымкі фільма. Месца побач з калодзежам пазначылі шыльдай і нават паставілі драўляную калоду — як у фільме. На такую ж у 1983 годзе на здымках фільма Станіслаў Садальскі, які граў Мішку Кісяля, клаў галаву, калі дзед Фядос пагражаў яму сякерай. Акурат гэты кадр змешчаны на шыльдзе побач з калодзежам.

Як зламалася драўляная канструкцыя калодзежа — ніхто не ведае. Жыхары Дзевятоўкі мяркуюць, што яна павалілася з-за гнілой апоры. У сацыяльных сетках ужо пачаліся абмеркаванні лёсу калодзежа.
Гродзенцы б'юць трывогу: канструкцыя старога калодзежа ў памяць аб "Белых Росах" хутка паваліцца
У 2019 годзе на месцы былой вёскі з’явіцца новы жылы комплекс — гэта прадугледжана генеральным планам Гродна. Калодзеж мае быць захаваны.