Пасля двух дзён пошукаў на вуліцы Валковіча спецыялісты з гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” пакінулі Гродна. З сабой яны забралі і часткі знойдзенай вайсковай тэхнікі – нямецкага цягача. У будучыні знаходкі выкарыстаюць для рэстаўрацыі якой-небудзь машыны часоў Другой сусветнай вайны.

За два дні пошукаў на Валковіча, дзе згодна з легендай быў закапаны нямецкі БТР, спецыялісты дакапаліся да глыбіні прыблізна двух метраў. Акрамя знойдзеных яшчэ на мінулым тыдні частак там жа быў знойдзены танкавы трос, некалькі тракаў ад гусеніц і іншыя невялікія часткі тэхнікі.

Па выніках сваёй экспедыцыі спецыялісты прыйшлі да высновы, што на Валковіча былі закапаны часткі нямецкага цягача. Такое меркаванне раней выказаў гродзенскі гісторык Дзмітрый Люцік.

Спецыялісты з "Лініі Сталіна" скончылі даследаванне: у зямлі на Валковіча былі часткі нямецкага цягача
Прыкладна так выглядаў нямецкi паўгусенічны цягач

Мінчукі забралі не ўсе знаходкі з сабой. Дзве каскі і невялікую частку фаргментаў тэхнікі яны перадалі Дзмітрыю Люціку ў музей гродзенскай гімназіі №4.