Знойдзеныя ў Гродне часткі вайсковай тэхнікі пакуль застаюцца на будаўнічай пляцоўцы на вуліцы Валковіча. Лёсам знаходак, а таксама даследваннем тэрыторыі, дзе iх знайшлi, будуць займацца прадстаўнікі гiсторыка-культурнага комплеску “Лінія Сталіна”. Пакуль яны не прыехалі Hrodna.life паспрабуе разабрацца, што ж знайшлі ў зямлі.

Знаходка гэта тракi і колы ад вайсковай тэхнікі ды каскі часоў Другой сусветнай вайны. Паводле ўспамінаў жыхароў вуліцы Валковiча, усё гэта схаваў у зямлі пасля вайны прадстаўнік сям’і Свідэрскіх. Верагодна, ён цягнуў у двор ўсё жалеза, якое мог знайсці, бо побач з домам меў кузню.

Цягам гадоў хадзілі чуткі, што Свідэрскі схаваў цэлы БТР ля свайго дома, але ў гэтую гісторыю мала хто верыў. Толькі пасля таго, як у 2017 годзе дом на Валковiча пачалі зносіць, унук Свідэрскага расказаў пра закапаную тэхніку. Натуральна, і яму ніхто не паверыў, але будаўнікоў пераканалі праверыць тэрыторыю. І тыя нешта знайшлі.

Знаходкі падобныя да частак паўгусенічнага грузавіка

Гродзенскі ваенны гісторык Дзмітрый Люцік прыязджаў на будаўнічую пляцоўку на Валковіча і паспрабаваў ацаніць знаходкі.

“Я магу памыляцца, але часткі вельмі падобныя да нямецкага паўгусенічнага грузавіка Opel або Ford V3000S/SSM. Яны ў Другую сусветную вайну выкарыстоўваліся. Рама (рэшткі) і лянівец (задняе кола) супадаюць. Вядучае на гусенiцах і тыя, што на пярэдняй восі, таксама падобныя. Там жа яшчэ ёсць вельмі характэрная падвеска з пружынамі і яна таксама супадае. Не знайшоў я поўнага падабенства толькі для каткоў, але яны, можа, розныя выпускаліся”, – адзначыў гісторык.

Што знайшлі на Валковіча? Хутчэй за ўсё - нямецкі паўгусенічны грузавік
Так прыкладна выглядаў паўгусенічны грузавік

Калі гісторык мае рацыю, то робіцца зразумелым, чаму рабочым нічога больш не ўдалося знайсці: закапаны быў не БТР, а іншая тэхніка.

Не выключана, што пошукавыя работы на Валковіча працягнуцца, калі ў Гродна прыедуць прадстаўнікі “Лініі Сталіна”. Калі яны нічога не знойдуць і знаходкі не забяруць, іх гатовы ў свой музей забраць Дзмітрый Люцік.

“На базе гімназіі №4 мы стварылі музейны пакой прысвечаны вайсковай гісторыі на тэрыторыі Гродзеншчыны. У нас там шмат чаго ёсць, напрыклад, гусеніцы ад рознай савецкай тэхнікі. Было б нядрэнна мець і іншыя экспанаты, асабліва нямецкія”, – дадаў гісторык.

 

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы