Беластоцкая паліцыя, дзякуючы дапамозе памежнікаў, затрымала падазраваных у крадзяжы смартфона грамадзян Беларусі. 48-гадовая жанчына і 40-гадовы мужчына сцягнулі яго ў краме ў Кавалерыйскім раёне горада. Праз 2,5 гадзіны іх знайшлі ў аўто на стаянцы ля аднаго з гандлёвых цэнтраў, паведамілі ў Падляшскай паліцыі.

Здарэнне адбылося 8 верасня, у пятніцу. Каля 21.00 пара з Беларусі, карыстаючыся няўвагай 25-гадовай супрацоўніцы, сцягнула з крамы тэлефон коштам каля 2000 злотых (каля 470 еўра). Пасля гэтага з’ехалі кудысьці на Volkswagen.

Дзякуючы дапамозе памежнікаў, да 22.30 падазраваных удалося знайсці. Яны былі ў аўто на паркоўцы ля аднаго з гандлёвых цэнтраў. Скрадзены смартфон быў там жа. Беларусы прызналіся ў злачынстве.

Зараз іх лёсам павінен заняцца суд. Ім пагражае максімальна 5 гадоў турмы.