Больш месяца паранены сабака жыў у напаўзаваленай вадасцёкавай трубе пад дарогай. Валанцёры «Адданага Сэрца» пяць гадзін капалі шлях, каб яго ўратаваць.
Па дарозе ў бок вёскі Каробчыцы нехта пакінуў сабаку. Больш за месяц мясцовыя дачнікі падкормлівалі яго. Сабака быў недоверлівы і напалоханаы, людзей да сябе не падпускаў і ў выпадку небяспекі хаваўся ў вадасцёкавай трубе пад шашой. Неабыякавыя гродзенцы звярнуліся да валанцёраў з просьбай дапамагчы небараку. Да групы ратавальнікаў, якія прыехалі на выклік, сабака таксама не падыходзіў - хаваўся ў трубе.
Выпрабаваўшы ўсе іншыя спосабы, валанцёры прынялі рашэнне лезці за жывёлай у гэты вузкі тунэль. Цэлая брыгада добраахвотнікаў удзельнічала ў аперацыі па выратаванні - Віктар Лазоўскі, Ксенія Скорская, Ганна Фалькоўская і Ліза Ройт.
Труба напалову была запоўненая пяском і смеццем, а з другога боку моцна зарасла кустоўем. Такім чынам, сабака апынуўся быццам у палоне. Ксеніі прыйшлося пракопваць шлях садовай лапаткай і, сантыметр за сантыметрам, падбірацца да сабакі. Прарыць шлях даўжынёй у дзесяць метраў заняло больш за пяць гадзін. Была небяспека, што на дзяўчыну адрушыцца пясок ці сабака, спужаўшыся, кінецца на яе. Але Ксенія на той час аб небяспецы не думала, хацела як хучэй дапамагчы.
— Было вельмі страшна! Не, я не баялася сабакі, я баялася цемры, баялася таго, што труба рэзка памяншаецца, таго, што не хапае паветра каб дыхаць. Калі я ўсё ж дабралась да небаракі, падцянула яго да сябе за лапу і абняла. Павярнуцца магчымасці не было і назад я папаўзла «заднім ходам».
Бліжэй да ночы ўдалося дастаць сабаку з трубы. Яго адвезлі ў ветэрынарную клініку, дзе апрацавалі раны. Сур’ёзных пашкоджванняў здароў'я ў Голдзі (такое імя ёй далі выратавальнікі), ветэрынарны доктар не знайшоў.
— Калі самае страшнае ўжо прайшло, Голдзі з маленькага спалоханага сабачкі ператварылася ў вясёлую «цалаваку-лабызаку». Яна застанецца ў мяне, пакуль мы не знойдзем ёй адказных гаспадароў, — распавядае Ліза Ройт.
Калі вас зацікавіла гісторыя Голдзі і вы хочаце прыняць удзел у яе далейшым лёсе — звяртайцеся ў «Адданае Сэрца».