Асобная ўнікальная школа мастакоў склалася адразу пасля Другой сусветнай вайны ў Сопаце — горадзе між Гданскам і Гдыняй. Касцяк творчага калектыва тады склалі выхадцы з былых усходніх тэрыторый міжваеннай Польшчы. Выстава прац прадстаўнікоў гэтай школы адкрылася ў Гродне 28 сакавіка.
Мастакі ў Сопаце хіба першымі ў Польшчы ачунялі ад холаду вайны і, аб’яднаўшыся ў па-сапраўднаму сяброўскае згуртаванне, пачалі шукаць усё самае жывое, барвовае і далікатнае, што дала даваенная Польская Акадэмія Мастацваў.
У 1945 годзе ў гэты прыморскі горад прыязджаюць Юзэфа Унукава, Ганна і Яцэк Жулаўскія, Хрысціна Лада-Студніцкая. Пазней далучыліся Станіслаў Тэйсэр і Пётр Патвароўскі, якія сфармавалі новыя тэндэнцыі і мастацкія густы, арыентаваныя на абвостранае пачуццё формы.
Агульнай лініяй творчасці заснавальнікаў школы і іх пераемнікаў было імкненне трымацца далей ад пануючай ідэалогіі і палітыкі, аддаючы перавагу форме: кампазіцыі, калярыстыцы твора.
Выставу можна будзе пабачыць да 24 красавіка.