нерухомасць у Гродне

«Суцяшэнне майго сэрца і душы — менавіта такія вясковыя хаткі. Я не ездзіла адмыслова, каб нешта здымаць. Фота зробленыя ў час паездак [на шляху]. Усё знята на Гродзеншчыне», — распавяла аб прадстаўленых працах фатографка.

Выстава адкрылася 7 верасня ў зале на Кірава, 3. На фотаздымках — вясковыя хаткі і іх жыхары, жывёлы і пейзажы ў розныя часы года. Паглядзець выставу можна да 7 кастрычніка. Уваход вольны.

За кожным фота — свая гісторыя

Наталля Дораш разам з гасцямі вернісажу прайшла ўздоўж кожнага стэнда і шэрагу фатаграфій, распавядаючы іх гісторыі. Яна расказала пра здымак абраза Божай Маці - здаецца, што ў руках Багародзіцы ландышы. Насамрэч гэта сцёртае месца на іконе, якое проста зацалавалі прыхаджане.

Наталия Дорош, выставка Карані, фото
Наталля Дораш распавядае пра Багародзіцу з «ландышамі». Насамрэч гэта сцёрты фрагмент іконы

Фота з яблыкамі ўнутры старых паштовых скрыняў Наталля зрабіла падчас Яблычнага Спасу. Гэта мясцовыя жыхары пакінулі пачастунак суседзям, якія не змаглі трапіць на службу.

Наталия Дорош, выставка Карані, фото
Фота з яблыкамі ў паштовых скрынях стала афішай выставы

Чытайце таксама: Наталля Дораш — пра натхненне з мінулага, беларускія хаткі і містычную сувязь з дзедам-фатографам

«Душа гэтага дома — коцік»

Пра фотаздымкі з хаткамі Наталля Дораш расказвала з асаблівай цеплынёй. Па яе словах, за кожным домам — сваё жыццё і многія пакаленні сям'і. Тут нараджаліся ўнукі, сюды прыязджалі праўнукі. У гэтых хатках людзі жылі, адзначалі дні нараджэння і вяселлі, тут захоўваюцца ўспаміны і рэчы. Праз жыллё, праз гэтыя «хаткі» фатографка паказала лёсы сельскіх жыхароў.

Наталия Дорош, выставка Карані, фото
Коцік на фота — адзін з апошніх жыхароў вёскі. Зараз ён — душа гэтага дома

«Гэта вельмі сумна»

Госця адкрыцця выставы Наталля Храброва адзначыла, што ўсё маляўніча і прыгожа. Вылучыць нешта складана — ёй проста падабаецца творчасць Наталлі Дораш.

28-гадовы Аляксандр прыйшоў на выставу разам са сваёй дзяўчынай. Ён адзначыў, што было цікава слухаць тое, што распавядала фатографка. І што вельмі сумна, што на фота ў бабулі толькі адны шпалеры з вінаградам і ложак.

Наталия Дорош, выставка Карані, фото
«Самотныя і бедныя старыя, кінутыя пасля смерці гаспадароў жывёлы — так быць не мусіць. Гэта вельмі сумна», — лічыць Аляксандр

Выспачка для гутарак

Для гасцей вернісажу падрыхтавалі яшчэ адзін сюрпрыз — кавун, які вырасціў на лецішчы гродзенец Мікола Таранда. Ён стаў «цвіком праграмы» на выспачцы для гутарак. Тут госці абмяркоўвалі выставу, грэліся гарачай гарбатай і «сэлфіліся» на фоне экспазіцыі.

Паглядзець выставу «Карані» можна да 7 кастрычніка.