Абмеркаваннем найноўшых поглядаў на праблемы будучай рэканструкцыі Старога Замка распачалася першая «Сустрэча сяброў музея». На мерапрыемства, якое прайшло ў сценах Новага Замка, завіталі гродзенскія гісторыкі, краязнаўцы і проста неабыякавыя да будучыні гістарычна-археалагічнага музея.
Галоўны архітэктар рэканструкцыі палаца Баторыя Алег Шымбарэцкі (выступае на фота ніжэй) прадставіў гасцям вынікі візуалізацыі праекта паводле праведзеных абмераў захаваных элементаў замка, а таксама апошнія распрацоўкі дэталізацыі праекта.
Дырэктар музея Юры Кітурка прадэманстраваў эскізы альтэрнатыўнай канцэпцыі аднаўлення Старога Замка ад даследчыка абарончых збудаванняў Міколы Волкава. Амаль гатовы эскіз намаляваны знакамітым графікам Паўлам Татарнікавым і такім чынам таксама дапамагае візуалізаваць больш асцярожнае, а таму больш навуковае бачанне аднаўлення гістарычнага помніка.