Другая гульня паміж «Нёманам» і «Лідай» скончылася чарговай разгромнай паразай гасцей. Як і ў першым матчы, гродзенцы закінулі суперніку шэсць шайбаў, але на гэты раз здолелі і прапусціць адну.

Як і ў суботу «Ліда» правяла добры матч, але рэалізаваць свае моманты госці не змаглі, акрамя адзiнага моманту ў трэцiм перыядзе. Каманда Сяргея Пушкова, нягледзячы на кепскую гульню ў абароне, добра згуляла ў нападзе і рэалізавала ў матчы свае моманты.

«Нёман» — «Ліда» 6:1 (1:0, 2:0, 3:1)

Галы:

19.07 1: 0 — Стэфановіч (Сцяпанаў, Дадонаў)
24.57 2: 0 — Багданоўскі (Марчанка, Жыдкіх, — бол.)
28.42 3: 0 — Лісічкін (Баярчук, А.Маляўка)
43.23 4: 0 — Стэфановіч (Маркоўскі, Марчанка)
44.10 5: 0 — Коршунаў (Бадун, Лакканен)
51.57 5: 1 — Валько
54.44 6: 1 — Лакканен (Баярчук, А.Маляўка, — бол.)

Пасля другога матчу з «Лідай» Сяргей Пушкоў адзначыў, што нягледзячы на дзве буйныя перамогі, у яго каманды ёсць сур’ёзныя праблемы:

— Я пасля першага перыяду і пасля гульні зайшоў да хлопцаў і сказаў, каб яны зайшлі ў суседнюю распранальню і падзякавалі гасцям за тое, што яны не рэалізавалі тыя моманты, якія стварылі. Я думаю, калі б яны рэалізавалі ўсе моманты, якіх было шмат, гульня зусім па-іншаму б склалася. Гульня ў абароне пакідае жадаць лепшага. Не зразумела з чым гэта звязана, але я думаю знойдзем прычыны. Столькі агрэхаў у абароне ў першым перыядзе нельга дапускаць. А што выйгралі, проста тыя моманты, што мы стваралі, рэалізавалі дзякуючы майстэрству. Але вось ужо другая гульня, ды і апошняя Чэмпіянату, паказалі, што ёсць у нас праблемы ў абароне. Будзем над гэтым працаваць.

Лік у серыі (да чатырох перамог): «Нёман» — «Ліда» 2:0

Наступныя два матчы паміж супернікамі пройдуць у Лідзе 1 і 2 сакавіка.